2014-07-14 13:29:38

Кардынал Лаёла пра пазіцыю ватыканскай дыпламатыі адносна блізкаўсходніх канфліктаў


RealAudioMP3 “Дыпламатыя Святога Пасаду заўсёды была цалкам адданая справе міру і спрабавала заклікаць да здаровага розуму. Але я павінен прызнацца, што ў гэты момант я крыху песімістычны”, - сказаў кардынал Джавані Лаёла, які доўгія гады працаваў у ватыканскай дыпламатыі, быў блізкім супрацоўнікам легендарнага кардынала Дзяржсакратара Агасціна Казаролі, Апостальскім нунцыем у Германіі, а з 2003 па 2006 гг. займаў пасаду сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі. Кардынал выказаў сваю заклапочанасць сітуацыяй, якая склалася ў ізраільска-палестынскіх адносінах. У інтэрв’ю італьянскай “La Stampa” ён прывёў словы Біньяміна Нетаньяху, які заявіў, што Ізраіль павінен рыхтавацца да доўгай вайны. Іерарх сказаў, што для дыпламатыі гэта “скачок у невядомасць”. Ён прызнаўся, што нядаўна чуў сведчанне святара, які жыве ў Сектары Газа. У яго запыталі, чым можна дапамагчы яму ў такой сітуацыі. Яго адказ быў: маліцца, каб здейсніўся цуд.

Кардынал Лаёла назваў ініцыятыву папы Францішка, запрасіць кіраўнікоў Ізраіля і Палестыны ў Ватыкан на супольную малітву за мір “больш своечасовай, чым калі-небудзь”. Але, на жаль, Абас не мае сілы, неабходнай, каб спыніць напады на ізраільскія гарады, і Перэс не ў стане ўмяшацца ў знешнюю палітыку, сказаў ён. “Цяпер настаў час, каб сказаць: Пане, змілуйся над намі!”, - лічыць ватыканскі іерарх. Ён нагадаў словы Яна Паўла ІІ аб неіснаванні справядлівасці без прабачэння. “Калі шукаць помсты, калі пастаянна імкнуцца зраўняць лік, ніколі не будзе канца гэтаму”, - сказаў кардынал Лаёла.

Пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца свежыя спробы заснавання халіфатаў у Іраку і Сірыі. Гэта наступствы безадказна развязанай вайны і знешняга ўмяшання. Аб гэтым папярэджвалі Ян Павел ІІ і Святы Пасад яшчэ амерыканскага прэзідэнта Буша. Папа казаў, што распачынаючы вайну вы ніколі не ведаеце, калі і як яна скончыцца. Навязваючы дэмакратыю ў Іраку ніхто не падумаў, што народ гэтай краіны ў рэчаіснасці складаецца з духоўнага адзінства падзеленых паміж сабой народнасцяў.

У гэтых умовах дыпламатыя Святога Пасаду інтэнсіўна працуе цалкам аддаючыся справе міру, памятаючы, што кожнае гвалтоўнае дзеянне заўсёды нараджае зваротную рэакцыю, адзначыў кардынал Лаёла. У пэўным сэнсе, ватыканская дыпламатыя шукае балансу ў сваёй пазіцыі, паколькі гаворка ідзе пра вялікую долю рызыкі, каб паставіць пад пагрозу існаванне хрысціянскіх меншасцяў у краінах, дзе адбываюцца канфлікты, растлумачыў былы высокі ватыканскі дыпламат.







All the contents on this site are copyrighted ©.