2014-07-14 15:00:37

Кардынал Дзяржсакратар сустрэўся з прэм’ер-міністрамі лацінаамерыканскіх краін


RealAudioMP3 Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін 13 ліпеня 2014 г. увечары прыбыў з трохдзённым візітам у Мексіку. Ватыканскага дыпламата прыняў у сталіцы міністр замежных спраў краіны Хасэ Антоніа Мід. “Я вяртаюся дадому”, - сказаў кардынал Паралін, які быў супрацоўнікам Апостальскай нунцыятуры ў Мехіка з 1989 г. па 1992 г., рыхтаваў візіт сюды Яна Паўла II у 1990 г. і паспрыяў усталяванню поўных дыпламатычных адносін паміж Мексікай і Святым Пасадам. Акрамя таго, працуючы ў Дзяржаўным сакратарыяце ў 2002-2009 гг., ён займаўся пытаннямі, звязанымі з гэтай краінай.

13 ліпеня кардынал Паралін сустрэўся таксама з міністрамі замежных спраў Гватэмалы, Сальвадора і Гандураса. Цэнтральнай тэмай візіту з’яўляецца нарастаючая міграцыя непаўналетніх асоб з краін Цэнтральнай Амерыкі ў Злучаныя Штаты. 14 ліпеня кардынал Дзяржсакратар прыме ўдзел у семінары, які Святы Пасад арганізаваў сумесна з мексіканскім міністэрствам замежных спраў па гэтай тэме.

15 ліпеня запланавана сустрэча кардынала Параліна з Прэзідэнтам Мексікі Энрыке Пенья Ньета. З яго рук ватыканскі дыпламат атрымае вышэйшую ўзнагароду краіны для замежных палітыкаў – “Ордэн ацтэкскага арла”.

Трэба нагадаць, што ў сярэдзіне ХІХ ст., у адказ на нацыяналізацыю касцёльнай маёмасці і радыкальнае аддзяленне Касцёла ад дзяржавы, Апостальская Сталіца разарвала дыпламатычныя адносіны з Мексікай. Афіцыйна яны былі адноўлены праз 130 гадоў. Гэта адбылося пасля візіту Яна Паўла II, які Пантыфік здзейсніў у краіну ў 1990 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.