2014-07-12 12:50:29

Японскі дыпламат пра гармонію і супрацоўніцтва паміж Ватыканам і Японіяй


RealAudioMP3 Былы пасол Японіі пры Святым Пасадзе Кагэфумі Уэна падкрэсліў гармонію і супрацоўніцтва ў адносінах паміж гэтай азіяцкай краінай і Святым Пасадам, асабліва ў адносінах да ўмацавання міру ва ўсім свеце. Яго артыкул у “The Japan Times” прысвечаны разважанню над патэнцыйным візітам папы Францішка ў Японію. Дыпламат прадстаўляў сваю краіну ў Ватыкане ў 2006-2010 гг. Прафесар Уэна, будыст, у цяперашні час выкладае культуралогію ў адным з універсітэтаў Токіа. Ён падкрэсліў, што Японія да гэтага часу мае самую мірную канстытуцыю ў свеце, хоць цяперашні ўрад і спрабуе ўнесці ў яе папраўкі. Іншымі тэмамі для супрацоўніцтва з’яўляюцца “глабальныя праблемы беднасці, правоў чалавека, раззбраення, адмовы ад ядзернай зброі, абароны навакольнага асяроддзя, барацьбы з карупцыяй, тэрарызмам”, вызначыў Уэна. Ён піша, што і Ватыкан, і Японія ў сваіх заявах спрабуюць даваць “асцярожныя і збалансаваныя каментарыі”.

Таксама дыпламат нагадаў, што цяперашні Папа некалі марыў паехаць у Японію ў якасці місіянера. Ён быў выхаваны ў Ордэне езуітаў, які глыбока ўкараніўся ў Азіі. Менавіта гэта манаская супольнасць дала двух выдатных місіянераў, якія ў XVI ст. значна прычыніліся да інкультурацыі хрысціянства на Далёкім Усходзе: Матэа Рычы ў Кітаі і Алесандра Валіньяна ў Японіі. У гэтай краіне таксама шмат гадоў працаваў папярэдні генеральны настаяцель Ордэна езуітаў Пэдра Арупэ і цяперашні, Адольфа Нікалас, нагадаў былы пасол Японіі пры Святым Пасадзе.







All the contents on this site are copyrighted ©.