Кардынал Дзяржсакратар атрымае вышэйшую ўзнагароду Мексікі
Дзяржаўны сакратар
Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін, будзе ўзнагароджаны “Ордэнам ацтэкскага
арла” – вышэйшай узнагародай Мексікі. Мясцовы ўрад падкрэсліў, што ў якасці супрацоўніка
Апостальскай нунцыятуры ў Мексіцы ў 1989-1992 гг. кардынал Паралін шмат у чым паспрыяў
візіту Яна Паўла II у 1990 г. у гэту краіну і ўсталяванню поўных дыпламатычных адносін
Мексікі са Святым Пасадам. Акрамя таго, працуючы ў Дзяржаўным Сакратарыяце ў 2002-2009
гг. цяперашні яго кіраўнік заўсёды выступаў за правы чалавека ў Мексіцы.
Цырымонія
ўручэння ордэна адбудзецца 15 ліпеня 2014 г. У гэты час кардынал Дзяржсакратар будзе
прымаць удзел у Мексіцы ў міжнароднай канферэнцыі па міграцыі, арганізаванай сумесна
Святым Пасадам і мексіканскім міністэрствам замежных спраў.
“Ордэн ацтэкскага
арла” з’яўляецца вышэйшай узнагародай, якая даецца мексіканскімі ўладамі замежным
палітыкам.
У сярэдзіне ХІХ ст., у адказ на нацыяналізацыю касцёльнай маёмасці
і радыкальны падзел Касцёла ад дзяржавы, Апостальская Сталіца разарвала дыпламатычныя
адносіны з Мексікай. Афіцыйна яны былі адноўлены праз 130 гадоў. Гэта адбылося праз
два гады пасля візіту Яна Паўла II.