2014-07-10 11:21:19

Былы кіраўнік Ватыканскага банка: я ганаруся тым, што магу служыць Касцёлу


RealAudioMP3 Будучыня Ватыканскага банку павінна стварацца ў максімальнай празрыстасці, лічыць Эрнст фон Фрэйберг, ужо былы старшыня Назіральнай рады гэтай установы. 9 ліпеня 2014 г. яго змяніў на гэтай пасадзе французскі фінансіст Жан-Батыст дэ Франсю. Першы этап рэформы Інстытута рэлігійных спраў, так гучыць афіцыйная назва банка, завершаны, паінфармаваў фон Фрэйберг. Кожны з больш чым 16 тыс. рахункаў быў правераны, у выніку чаго 3 тыс. з іх закрыты. Былі наняты лепшыя ў свеце спецыялісты для таго, каб правесці дбайную праверку кожнага асобнага рахунку. “У інтэрнэце ёсць канкрэтныя справаздачы аб нашай працы і кожны можа ўбачыць тое, што ў цяперашні час робіць Ватыканскі банк”, - сказаў фон Фрэйберг у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

У цяперашні час, пераважную большасць кліентаў установы складаюць каталіцкія структуры, манаскія супольнасці, супрацоўнікі Ватыкана, дыяцэзіі і парафіі. “Магу сказаць, што з таго, што было сказана пра Інстытут рэлігійных спраў, многія рэчы не адпавядаюць рэчаіснасці і не грунтуюцца на фактах. Празрыстасць дапаможа гэта абвергнуць. Асабіста я вельмі рады, што паклікалі мяне, каб я мог у гэтым месцы служыць Касцёлу і Святому Пасаду, і рабіць гэта ў цудоўнай камандзе. Радуе той факт, што, калі Касцёл просіць аб дапамозе, так шмат людзей гатовыя працаваць і служыць”, - сказаў нямецкі спецыяліст. Ён прызнаўся, што сумнеўныя інвестыцыі з мінулага каштавалі Святому Пасаду каля 45 млн. еўра.

У інтэрв’ю нямецкай газеце “Bild”, на пытанне журналіста, ці не змянілася яго стаўленне да Касцёла пасля часу, праведзенага ў Ватыкане, фон Фрэйберг сказаў: “Мая вера ўмацавалася! Я ганаруся тым, што магу служыць Касцёлу!”.







All the contents on this site are copyrighted ©.