2014-07-10 12:08:01

Аўстрыйскі кардынал пракаментаваў рэформы ў Ватыкане


RealAudioMP3 Новаўвядзенні ў эканамічнай і фінансавай адміністрацыі Святога Пасаду і Ватыкана з’яўляюцца важным крокам у рэформе Рымскай курыі, лічыць кардынал Крыстаф Шонборн, які належыць да Камісіі кардыналаў па наглядзе за Інстытутам рэлігійных спраў. Ён высока адзначыў працу экс-кіраўніка Ватыканскага банка Эрнста фон Фрэйберга, які зрабіў “вырашальныя крокі па ачыстцы” гэтай структуры. Кардынал падкрэсліў, што нямецкі фінансіст правёў працу па “упарадкаванні”. Пасля гэтага Інстытут чакае другі этап – кансалідацыя новай каманды банка. “Гэта для Камісіі кардыналаў азначае ўзмоцненую фазу маніторынгу”, - сказаў арцыбіскуп Венскі.

“Тыповымі для новага пантыфікату” назваў аўстрыйскі кардынал абвешчаныя 9 ліпеня 2014 г. далёка ідучыя крокі па рэформе Рымскай курыі. “Папа Францішак не толькі блізкі да людзей, ён таксама праводзіць доўгія і цяжкія кансультацыі па курыяльнай рэформе, пасля якіх прымае рашэнні і дзейнічае”, - сказаў кардынал Шонборн. Апошнія змены сталі плёнам кансультацый са знешнімі экспертамі і касцёльнымі лідэрамі, якія працягваліся больш за год, дадаў ён.

9 ліпеня 2014 г. у Ватыкане паведамілі аб грунтоўных рэформах, якія закрануць ўстановы Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан. Гаворка ідзе пра Адміністрацыю маёмасці Апостальскай Сталіцы, Пенсійны фонд, СМІ і Ватыканскі банк. Былі створаныя спецыяльныя тэхнічныя камітэты для ажыццяўлення рэформ. Яны складаюцца з міжнародных экспертаў і ватыканскіх супрацоўнікаў. Быў прызначаны новы кіраўнік Ватыканскага банка – французскі фінансіст Жан-Батыст дэ Франсю. Новаствораны Сакратарыят па эканамічных пытаннях, які адказвае за ўсю ватыканскую фінансавую палітыку, у верасні 2014 г. пачне падрыхтоўку бюджэту на 2015 г. Да гэтага часу кожная з дыкастэрый і структур павінна прапанаваць свой унутраны бюджэт, якога ў далейшым будзе забавязана строга прытрымлівацца.







All the contents on this site are copyrighted ©.