2014-07-09 15:13:48

Папа рэструктурызаваў Адміністрацыю маёмасці Апостальскай Сталіцы


RealAudioMP3 Уключэнне Звычайнай секцыі Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA) у склад новастворанага Сакратарыяту па эканамічных пытаннях і новае вызначэнне задач для яе, гэта рашэнні, якія змяшчае падпісаны 8 ліпеня 2014 г. папам Францішкам і апублікаваны 9 ліпеня Апостальскі ліст, выдадзены ў форме “Motu Proprio”. Святы Айцец вырашыў унесці змены ў кампетэнцыю Адміністрацыі маёмасці і абмежаваць яе выключна да задач папярэдне існуючай надзвычайнай секцыі. Такім чынам, ватыканская структура з гэтага часу будзе займацца толькі ўласнасцю Апостальскай Сталіцы, якая гарантуе функцыянаванне Рымскай курыі. Яна таксама будзе кіраваць рухомасцю, даверанай ёй іншымі інстытутамі Святога Пасаду. Узначальваць яе будзе кардынал, падтрымліваць якога будзе група іншых кардыналаў і сакратар. Пантыфік загадаў прэфекту Сакратарыята па эканамічных пытаннях стварыць тэхнічны камітэт, задачай якога будзе садзейнічанне перадачы папярэдніх кампетэнцый Звычайнай секцыі Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы.

Дагэтуль Адміністрацыя маёмасці складалася з двух секцый. Звычайная секцыя працягвала працу камісіі, створанай яшчэ папам Львом XIII у 1880 г., першапачаткова ў якасці кансультатыўнага органу, якому ў 1891 г. была перададзена прамая адказнасць за кіраванне маёмасцю, што засталася ў Святога Пасаду пасля поўнай страты Папскай дзяржавы ў 1870 г. Надзвычайная секцыя да гэтага часу кіравала сродкамі, прадстаўленымі ўрадам Італіі ў мэтах ажыццяўлення фінансавай канвенцыі, якая была прыкладзена да Латэранскіх пагадненняў 1929 г.

Пасля Другой сусветнай вайны Міжнародны валютны фонд прызнаў Адміністрацыю маёмасці Апостальскай Сталіцы ў якасці ватыканскага цэнтральнага банка.







All the contents on this site are copyrighted ©.