2014-07-07 11:00:24

Пантыфік папрасіў Еўрасаюз уключыцца ў выратаванне бежанцаў


RealAudioMP3 Папа Францішак асудзіў “логіку абыякавасці” у адносінах да мігрантаў у сваім пасланні з нагоды першай гадавіны свайго візіту на італьянскі востраў Лампедуза. Драма гэтых людзей паглыбляецца. Яны працягваюць паміраць, ратуючыся ад галечы, войнаў і канфліктаў, напісаў Пантыфік у пасланні. Ён настойліва заклікаў Еўрапейскі Саюз смела і шчодра ўключыцца ў выратаванне бежанцаў, а хрысціянскія супольнасці і ўсіх людзей добрай волі са зразуменнем ставіцца да драмы мігрантаў і сведчыць ім сваю блізкасць і дапамогу. Францішак наведаў Лампедузу 8 ліпеня 2013 г. Ён асудзіў у той час “глабалізацыю абыякавасці” і заклікаў да “глабалізацыі салідарнасці”. Гэты італьянскі востраў з’яўляецца “варотамі ў Еўропу” для сотняў тысяч бежанцаў, перш за ўсё, з Блізкага Усходу. У гэтыя дні там праходзіць сустрэча пад дэвізам “Мой бацька быў мігрантам, а не нелегальным бежанцам”.

“Я чарговы раз духоўна накіроўваюся на міжземнаморскае ўзбярэжжа, каб плакаць з тымі, хто адчувае боль, і каб кінуць кветкі малітвы за жанчын, мужчын і дзяцей, якія сталі ахвярамі гэтай бясконцай драмы”, - напісаў Папа ў сваім пасланні. Ён падкрэсліў, што трагедыю, якую мы да гэтага часу назіраем не можна спыніць кіруючыся логікай абыякавасці, патрэбна логіка гасціннасці і абмену. Папа з сумам прызнаўся, што праз год пасля яго візіту на Лампедузу становішча бежанцаў стала нашмат горшым. “Чарговыя трагедыі здараюцца адна за другой, - напісаў ён. - Маё сэрца з цяжкасцю пагаджаецца са смерцю гэтых братоў і сясцёр, якія вырашаюць пачаць цяжкае падарожжа, каб пазбегнуць драмы беднасці, войнаў і канфліктаў, часта звязанымі з міжнароднай палітыкай”.

Статыстыка гэтага года сапраўды драматычная. З пачатку года паўднёвага ўзбярэжжа Італіі дасягнула больш за 60 тысяч. бежанцаў. На жаль, вельмі многім не ўдаецца выратавацца, і іх магілай становіцца мора. Цэнтры дапамогі перапоўненыя. Свае дзверы адкрываюць для мігрантаў школы, грамадскія цэнтры, парафіі і касцёлы. Так, у храмах Палерма на месца касцёльных лавак былі ўсталяваныя ложкі для бежанцаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.