2014-07-04 14:54:23

Будслаўскія ўрачыстасці праходзяць пад знакам Сусветных дзён моладзі


RealAudioMP3 Будслаў прывітаў гасцей. 4 ліпеня 2014 г. у невялікім мястэчку традыцыйна пачаліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай. Мінск, Віцебск, Гудагай, Баранавічы, Ліда, Гродна... тысячы пілігрымаў ішлі некалькі дзён, каб сустрэцца ў нацыянальным санктуарыі і ўшанаваць адну з самых вялікіх святынь беларускага народа – цудадзейны абраз. Нехта ішоў, а нехта і ехаў. Прычым, на байках. Байкеры з Польшчы нават спешыліся непадалёк ад касцёла, каб шумам матораў не перашкаджаць прывітальным спевам і малітоўнай цішыні. Мужныя і дарослыя людзі, у спецыфічным кожаным адзенні – усяго на матацыклах прыехалі 8 чалавек – апошнія метры да святыні пераадолелі на каленях.

Для Пятра Валіша – ён першы раз адправіўся ў мотапілігрымку – гонар быць тут і адчуць еднасць з католікамі Беларусі. “Мы прыехалі, каб сустрэцца з Маці Божай. Я лічу, што Будслаў найлепшае месца, каб гэта зрабіць і папрасіць Багародзіцу аб благаслаўленні, здароўі для родных, памаліцца ў іншых асабістых інтэнцыях. Мы прывезлі з сабой абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, каб ён пабываў на ўрачыстасцях Маці Божай Будслаўскай. Мы прыбылі з намерам перадаць вялікае прывітанне Маці Божай ад матацыклістаў з Польшчы і аддаць ёй хвалу”, - адзначыў байкер.

Так адбываецца ўжо 400 гадоў, а гэты – 401-ы, з тых пор, як абраз быў прынесены ў Будслаў і мястэчка стала месцам пілігрымавання, малітвы і навяртання.

Атмасфера тут асаблівая, лічыць арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі. Адчуў іерарх гэта асабіста, калі толькі быў прызначаны ў Беларусь і зараз прымае ўдзел у кожнай урачыстасці. “Для мяне гэта вельмі моцны досвед. Першым жэстам, які я ўчыніў, калі атрымаў прызначэнне ў Беларусь і прыбыў сюды, быў мой візіт у Будслаў, каб даверыць маё служэнне Маці Божай. Я нарадзіўся ў свята Маці Божай Ружанцовай, і мая мама, калі мела цяжкасці з маім нараджэннем, сказала Марыі, што давярае мяне яе апецы на ўсё жыццё. Таму, калі я прыбываю сюды, заўсёды адчуваю, што вярнуўся да Мамы, для мяне гэта цудоўная рэч. Калі я прыязджаю сюды, знаходжу вялікую, радасную, цудоўную сям’ю, якая складаецца з людзей, што прыбылі з кожнага кутка Беларусі. І гэта дае мне сілы і надзвычайны ўнутраны зарад”, - прызнаўся арцыбіскуп.

Юбілей адзначалі ў мінулым годзе, а ў гэтым – гучыць рэха гэтай круглай даты. Сёлятнія ўрачыстасці маюць і асаблівасці. Яны праходзяць пад дэвізам “Марыя – узор малітвы”, таму што наступны год у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі будзе прысвечаны малітве і стане пачаткам падрыхтоўкі да юбілею Фацімскіх аб’яўленняў. У Будслаў толькі пешшу прыйшлі каля 3 тыс. чалавек. Акрамя ўшанавання Будслаўскага абраза, у вернікаў сёлета ёсць і магчымаць пакланіцца сімвалам Сусветных дзён моладзі – крыжу і іконе, якія ў гэты час падарожнічаюць па Беларусі.

Кс. Віктар Бурлака рассказаў таксама, што ў Будславе ўзнясуць малітву-падзяку за кананізацыю св. Яна Паўла ІІ. “Гэта адметнасць сёлятняга фэсту – мы дзякуем Пану Богу за дар кананізацыі св. Яна Паўла ІІ, і падчас адпусту будзе магчымаць ушанаваць яго рэліквіі. Рэліквіі ёсць ужо ў некалькіх парафіях і касцёлах Беларусі, але арганізатары вырашылі прывезці іх і на Будслаўскія ўрачыстасці, каб як мага больш вернікаў маглі да іх дакрануцца”, - паведаміў кусташ нацыянальнага санктуарыя.

Ушанаваць рэліквіі св. Яна Паўла ІІ можна будзе заўтра, а сёння яшчэ да вечара ў Будслаў будуць сцякацца пілігрымы, каб у працэсіі ўначы стаць сапраўдным духоўным морам і ўзнесці малітвы да сваёй апякункі.

Ларыса Абрамчук, Будслаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.