2014-07-03 11:28:23

Кардынал Таран сустрэўся з дэлегацыяй індуістаў


RealAudioMP3 Кардынал Жан-Луі Таран сустрэўся 2 ліпеня 2014 г. у Рыме з індуісцкай дэлегацыяй на чале з вядомым прапаведнікам Марары Бапу. Размова ішла пра ўклад міжрэлігійнага дыялогу ў пераадоленне беднасці і несправядлівасці. Суразмоўцы адзначылі, што ісціна, любоў і спагада – гэта асноўныя каштоўнасці для ўсіх рэлігій, якія могуць ператварыць любога чалавека ў міратворца. Прадстаўнікі індуізму прыбылі ў італьянскую сталіцу для ўдзелу ў канферэнцыі на тэму: “Дасягаць міру ва ўсім свеце праз вучэнне Езуса Хрыста і разумець станоўчы ўплыў Каталіцкага Касцёла”.

Падчас сустрэчы старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу падкрэсліў важнасць “унутранай духоўнасці” вернікаў, якая “натуральным чынам” прыводзіць да павагі іншых, надання ім роўнай годнасці, дзякуючы чаму яны не разглядаюцца ў якасці ворага або суперніка. Ватыканскі іерарх заклікаў “наводзіць масты”, якія дапамогуць людзям мець сціслыя кантактны і адносіны, заснаваныя на павазе і разуменні духоўнай спадчыны адно аднаго. “Міжрэлігійны дыялог – гэта магутны спосаб для развіцця”, - лічыць кардынал Таран. Ён дадаў, што вернікі розных рэлігій могуць разам спрыяць агульнаму дабру, пабудове справядлівага грамадства, стабільнаму і трываламу міру ва ўсім свеце, культуры сустрэчы і салідарнасць, бароцца з няроўнасцю, беднасцю і несправядлівасцю.







All the contents on this site are copyrighted ©.