2014-07-03 12:30:52

Еўрапейскія епіскапаты арганізуюць каталіцкія сацыяльныя дні


RealAudioMP3 Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы і Камісія Епіскапатаў Еўрапейскай Супольнасці разам арганізуюць Другія еўрапейскія каталіцкія сацыяльныя дні. Яны пройдуць восенню ў Мадрыдзе. 150 дэлегатаў Канферэнцый Біскупаў і касцёльных устаноў з усёй Еўропы збяруцца 18-21 верасня для ўдзелу ў мерапрыемствах, “скіраваных на паглыбленне разумення ўзаемасувязі паміж хрысціянскай верай і будучыняй Еўропы”, заявілі арганізатары на афіцыйным сайце форуму (www.catholicdays.eu).

У рамках канферэнцыі пройдуць пленарныя пасяджэнні і прагучаць даклады вядомых экспертаў, удзельнікі будуць сустракацца ў рабочых групах. Размова пойдзе пра ўклад Каталіцкага Касцёла ў сучаснае грамадства і дыскусію аб будучыні Еўропы з пункту гледжання каталіцкага сацыяльнага вучэння. У рамках тэмы форуму – “Хрысціянства і будучыня Еўропы” – гаворка будзе ісці пра эканамічны крызіс, міграцыю, правы чалавека і жыццёвыя шанцы маладых людзей, салідарнасць пакаленняў, валантарыят, сямейную палітыку і дэмаграфію ў Еўропе.

На думку арганізатараў, Еўрапейскія каталіцкія сацыяльныя дні павінны звярнуць увагу на каштоўнасці, на якіх трэба будаваць здаровае грамадства, прадставіць хрысціянскае бачанне лепшага свету. З іншага боку, форум закліканы дапамагчы забяспечыць важныя арыенціры для дасягнення мэтаў каталіцкага сацыяльнага вучэння і адкрытасці “на каштоўнасці Божага Валадарства ў рознакаляровай мазаіцы, якой у цяперашні час з’яўляецца Еўропа”.







All the contents on this site are copyrighted ©.