2014-07-03 13:01:23

Даследчыкі Новага Запавету з пяці кантынентаў збяруцца ў Венгрыі


RealAudioMP3 Генеральная канферэнцыя “Аб’яднання новазапаветных даследаванняў” пройдзе 2-9 жніўня 2014 г. у Венгрыі. Універсітэцкі горад Сегед прыме спецыялістаў па Новым Запавеце, якія абмяркуюць апошнія адкрыцці, а таксама актуальныя пытанні і тэмы біблійных даследаванняў. Сёлетняя сустрэча стане ўжо 69-й такога роду. Чакаюцца каля 300 удзельнікаў з пяці кантынентаў, якія будуць прадстаўляць 130 універсітэтаў з 55 краін – у тым ліку з Індыі, Кітаю, Ганы, Расіі, Мексікі і Паўднёвай Карэі. Сярод многіх знакамітых гасцей будуць: пасол Ізраіля ў Венгрыі Ілан Мор і праваслаўны епіскап з сербскага Нові-Сад Ірыней. Патранат над канферэнцыяй узяў Прэзідэнт Венгрыі Янаш Адэр.

Падчас спаткання будзе прэзентавана кніга “Біблія і эканоміка”, выдадзеная на англійскай і нямецкай мовах. Яна змяшчае даследаванні на гэту тэму 39 навукоўцаў з усяго свету. Найбуйнейшыя еўрапейскія і амерыканскія выдаўцы прадставяць у рамках форуму сваю прадукцыю.

“Аб’яднанне новазапаветных даследаванняў” было заснавана ў Оксфардзе ў 1945 г. З ім супрацоўнічаюць 700 універсітэтаў. Ужо вырашана, што наступныя асамблеі пройдуць у 2015 г. – у Амстэрдаме і ў 2016 г. – у Манрэалі.







All the contents on this site are copyrighted ©.