2014-07-02 11:40:41

Нямецкі іерарх: мяне раздражняе гаворка пра маральнае раскладанне


RealAudioMP3 Кардынал Рэйнхард Маркс, які зараз у Ватыкане прымае ўдзел у пасяджэнні Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, перасцярог ад тэндэнцыі да маралізму. “Мяне раздражняе, што сітуацыя, у якой мы жывем у нашай краіне, паказваецца як маральнае раскладанне”, - сказаў арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі ў інтэрв’ю, якое з’явілася ў „Aachene Zeitung”. На думку кардынала, сацыяльную сітуацыю варта ацэньваць з улікам таго факту, што ў некаторых адносінах яна пагоршылася, але і шмат у чым змянілася ў лепшы бок. Старшыня нямецкага епіскапату прызнаўся, што ён з’яўляецца прыхільнікам свабоднага грамадства, але не такога, “дзе кожнаму ўсё дазволена”. Ён падкрэсліў, што гэта добра, калі людзі могуць прамаць рашэнне адносна сваёй рэлігіі, выбару прафесіі, спадарожніка жыцця, сужэнства і сям’і, але гаворка ідзе пра “адказную свабоду”.

У інтэрв’ю іерарх таксама адзначыў, што Еўропа не можа быць ізаляванай. “Хоць мы не ў стане вырашыць усіх праблем у гэтым свеце, але ў нас ёсць абавязак дзейнічаць без шкоды для правоў чалавека”, - сказаў кардынал Маркс, які таксама з’яўляецца старшынёй Камісіі Епіскапатаў Еўрапейскай Супольнасці. “Мы не можам стварыць на мяжы рэжым, які будзе сілай абараняцца ад людзей”, - сказаў ён, дадаўшы, што “гэта цалкам выключана ў сучаснай культуры, заснаванай на хрысціянскіх каранях”.

Кардынал Маркс назваў Еўропу “захапляльным” і “унікальным” эксперыментам у сусветнай гісторыі, калі паміж сабой злучыліся народы, якія размаўляюць на 25 мовах, каб стварыць новы, зусім іншы від свядомасці. “За ўсю гісторыю Еўропа мела шанец, таму што была кантынентам заўсёды адкрытым – на іншаземцаў, новыя ідэі, пазнанне іншых”, - сказаў нямецкі іерарх.







All the contents on this site are copyrighted ©.