2014-07-02 11:05:58

Беларусь: адчуць еднасць хрысціянскай моладзі свету


RealAudioMP3 Працягваецца перэгрынацыя па Беларусі сімвалаў Сусветных дзён моладзі. 1 ліпеня 2014 г. крыж і абраз Маці Божай прыбылі з Пінскай дыяцэзіі ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. Лагойск, гэта недалёка ад беларускай сталіцы, сустрэў святыні пахмурным небам і ліўнем, але дзесяткамі ўсмешак і малітвай. Пілігрымы, шлях якіх ляжыць у Будслаў, унеслі ў касцёл св. Казіміра абраз і амаль 4-метровы крыж на руках і прывіталі сімвалы Сусветных дзён моладзі на каленях.

Сяргей Сарачэўскі, які таксама ўносіў крыж у храм, прызнаўся, менавіта такія моманты даюць адчуць еднасць з хрысціянскай моладдзю ўсяго свету – нягледзячы на тое, у якім часе і ў якой краіне ты зараз знаходзішся. “Калі папрасілі мужчын, каб дапамаглі з крыжом, усталі мой сябр і я. Я спадзяюся нават на нейкую містыку, на маё аздараўленне, у першую чаргу духоўнае аздараўленне. Бо я іду да Маці Божай, як і многія, з сваімі праблемамі, грахамі. І спадзяюся, што гэта пілігрымка дасць станоўчы вынік і Бог мяне аздаровіць”, - адзначыў малады чалавек.

Зроблены крыж быў яшчэ ў 1984 г., нагадаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі пачас спаткання ў Лагойску. Некаторы час святыня знаходзілася ў базыліцы св. Пятра, а потым на чарговых Сусветных днях моладзі папа Ян Павел ІІ уручыў крыж маладым хрысціянам і заклікаў несці па ўсім свеце як сімвал любові Хрыста да чалавецства. З таго часу крыж вандруе па краінах і кожныя два-тры гады прыбывае ў наступную сталіцу Сусветных дзён моладзі.

Прымаць крыж ў Беларусі – гэта гонар, лічыць біскуп Касабуцкі, але і адказнасць - абвяшчаць аб уваскрасенні і збаўленні, а яшчэ маліцца за тых, хто прыйшоў у храм, за тых, хто адправіўся ў нялёгкае падарожжа, а галоўнае, за тых маладых людзей, хто знаходзіцца далёка ад Касцёла. “Тут мы асаблівым чынам молімся за тую моладзь, якая далёка ад Касцёла, за тую моладзь, якая мае іншую іерархію каштоўнасцяў, увогуле за сучасную моладзь, каб яна знайшла шлях да Бога. Каб мы ўсе былі сведкамі Хрыста. І я думаю, што пілігрымы, якія сустрэнуць гэты крыж, будуць узносіць свае малітвы, і сімвалы сустветных дзён моладзі прынясуць свій плён”, - адзначыў іерарх.

Сапраўды, гэты крыж – сімвал еднасці моладзі ўсяго свету. У гэтыя ліпеньскія дні ён яднае моладзь Беларусі. Толькі ў Лагойску спыніліся на начлег 150 чалавек марыйнай пілігрымкі. Перэгрынацыя пачалася 4 дні таму, ззаду ўжо сотні кіламетраў ад мяжы з Польшчай, наперадзе яшчэ столькі ж – да мяжы з Літвой.

І ўсюды сімвалы Сусветных дзён сустракаюць з адкрытымі сэрцамі, пераканаўся Іван Дземідзенка, які суправаджае іх па Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. І не толькі моладзь, бо крыж – гэта “універсальны” і ўсім зразумелы знак. “Крыж – гэта знак любові Бога да нас, да нас, якія гэту любоў і не заслужылі. Гэта знак таго, праз што мы ўсе збаўлены, праз што мы маем адносіны з Богам. І тое, праз што мы можам пазнаць Бога, а праз пазнанне палюбіць Яго. А таксама гэты сімвалічны крыж – маленькі дотык да той любові і ахвяры Езуса Хрыста”, - сказаў ён.

Сёння крыж і абраз адправіліся далей – на сустрэчу з новай пілігрымкай. Кульмінацыяй перэгрынацыі сімвалаў Сусветных дзён моладзі стане прынясенне святынь у Будслаў 4 ліпеня, падарожжа па Беларусі працягнецца да 12 ліпеня, а завершыцца толькі ў 2016 г. у Кракаве.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.