2014-07-01 11:21:04

Францішка глыбока кранула смерць трох маладых ізраільцян


RealAudioMP3 Навіна аб забойстве трох маладых ізраільцян глыбока кранула папу Францішка, паведаміў 30 чэрвеня 2014 г. прадстаўнік Святога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Яны былі выкрадзены амаль тры тыдні таму, іх целы былі знойдзены каля палестынскага горада Халху, на поўнач ад Хеўрона, на Заходнім Беразе. У заяве кіраўнік Залы Друку назваў гэта паведамленне страшным і драматычным. “Забойства нявінных людзей заўсёды з’яўляецца агідным злачынствам, якое не можна прыняць. Яно з’яўляецца надзвычай сур’ёзнай перашкодай на шляху міру, да якога мы павінны нястомна імкнуцца і за які трэба маліцца. Насілле вядзе да насілля і пачынае чарговы смяротны віток нянавісці”, - гаворыцца ў заяве. Кс. Ламбардзі паведаміў, што папа Францішак яднаецца ў невымоўным болі з сем’ямі ахвяр смяротнага насілля і пакутамі ўсіх, хто пацярпеў ад нянавісці, просячы Бога, каб натхніў усіх думкамі аб спагадзе і спакоі.

Па дадзеных СМІ, хлопцы – два 16-гадовых, Гілад Шаар з Талмону і Нафталі Фрэнкель з Ноф Аялон, і 19-гадовы Эяль Іфрах з Эльдаду – прапалі без вестак 12 чэрвеня 2014 г. вечарам, калі спрабавалі даехаць аўтастопам з Гуш-Эцыон, групы яўрэйскіх паселішчаў, размешчаных паміж Бэтлеемам і Хеўронам, у паўднёвай частцы Заходняга Берага. Трое падлеткаў вярталіся са школы, дзе вывучалі Талмуд, і спрабавалі дабрацца да Іерусаліма.







All the contents on this site are copyrighted ©.