2014-07-01 13:58:06

Ватыканская фінансавая разведка будзе супрацоўнічаць з калегамі з ЗША


RealAudioMP3 Бюро фінансавай інфармацыі, орган фінансавай разведкі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, падпісала пагадненне па абмене інфармацыяй з Бюро па кантролі за грашовым абаротам ЗША (OCC). Яно стала першым двухбаковым пагадненнем, у якім Бюро фінансавай інфармацыі выступае ў ролі органу фінансавага нагляду і рэгулятара Апостальскай Сталіцы і Ватыкану, што мае вялікае значэнне для ўзмацнення міжнароднага супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Злучанымі Штатамі Амерыкі. “Зроблены яшчэ адзін крок у намаганнях Апостальскай Сталіцы ў бок удасканалення сістэмы фінансавага рэгулявання і імкнення да празрыстасці і міжнароднага супрацоўніцтва”, - сказаў Рэнэ Брульхарт, дырэктар ватыканскага фінансвага органу. “Святы Пасад становіцца часткай глабальнай сям’і добра рэгуляваных юрысдыкцый”, - дадаў ён.

Бюро фінансавай інфармацыі чакае падпісання далейшых двухбаковых пагадненняў з фінансавымі разведкамі краін і структурамі, якія ажжыццяўляюць нагляд над рынкам фінансаў. Гэта дазволіць пашырыць яго намаганні па ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, апублікаваным 30 чэрвеня 2014 г.

Бюро па кантролі за грашовым абаротам ЗША з’яўляецца незалежным органам у казначэйстве ЗША і працуе над рэгістрацыяй, рэгуляваннем дзейнасці і кантраляваннем усіх мясцовых банкаў і федэральных філіялаў і агенцтваў замежных банкаў на тэрыторыі Злучаных Штатаў.

Бюро фінансавай інфармацыі – гэта кампетэнтны орган Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, якія займаецца супрацьдзеяннем адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму. Яно выконвае двайную функцыю: дзейнічае як орган фінансавага нагляду і рэгулявання, а таксама займаецца фінансавай разведкай. Бюро, заснаванае ў 2010 г., з ліпеня 2013 г. з’яўляецца членам “Групы Эгмант” і ўжо падпісала мемарандумы аб узаемаразуменні з фінансавымі разведкамі з больш чым дзесятка краін, уключаючы Вялікабрытанію, ЗША, Францыю, Іспанію, Італію і Германію.







All the contents on this site are copyrighted ©.