2014-07-01 11:47:50

Барталамей I напісаў Францішку


RealAudioMP3 Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей I накіраваў прывітанне папе Францішку да ўрачыстасці святых Пятра і Паўла. У лісце, апублікаваным 30 чэрвеня 2014 г. Святым Пасадам, праваслаўны іерарх запэўніў, што памяць аб сустрэчы з Францішкам ў канцы мая 2014 г. у Іерусаліме і супольная малітва ў нядзелю Пяцідзесятніцы ў Ватыкане за мір з’яўляецца для яго каштоўным скарбам. Гэтыя сустрэчы аднавілі і замацавалі братэрскія сувязі паміж ім і Папам. У лісце Патрыярх заклікае працягваць ісці па шляху экуменізму да поўных зносін паміж Цэрквамі.

У мінулую нядзелю на ўрачыстай Эўхарыстыі, якую ў базыліцы св. Пятра цэлебраваў папа Францішак, прысутнічала дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхата.

З асабліва глыбокімі эмоцыямі Патрыярх Барталамей І узгадвае ў лісце да Пантыфіка супольную малітву за мір на Блізкім Усходзе з прэзідэнтам Ізраіля Шымонам Перэсам і кіраўніком Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі Махмудам Абасам. Ён падзякаваў Францішку за гэту ініцыятыву і паабяцаў сваю малітву за яго, каб Бог даў яму доўгія гады пантыфікату на карысць сучаснага свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.