2014-06-30 14:08:00

Рада кардыналаў для дапамогі Папе ў кіраванні Касцёлам збярэцца ў Ватыкане


RealAudioMP3 Другі этап рэформы Рымскай курыі будзе прадметам сустрэчы рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Яна пачнецца ў Ватыкане 1 ліпеня і працягнецца чатыры дні. Кардыналы будуць размаўляць пра структурныя змены кіруючых органаў Касцёла. Некаторы час таму, адказваючы на пытанні журналістаў, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін падкрэсліў, што Рымская курыя, гэта вельмі складаны арганізм, таму не можа быць рэфармавана хутка. Ён пацвердзіў, што Рада кардыналаў разважае над спрашчэннем курыяльных структур.

У сваю чаргу кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга, каардынатар Рады, выказаў меркаванне, што існуе патрэба ў Кангрэгацыі па справах свецкіх, якой будуць перададзены паўнамоцтвы цяперашніх Папскіх рад па справах свецкіх і па справах сям’і. Такая неабходнасць існуе, паколькі свецкія вернікі складаюць большасць у Касцёле. Іерарх лічыць неабходнымі змены ў працы Дзяржсакратарыяту як інструменту дапамогі Пантыфіку. Менавіта адаптацыя Дзяржаўнага сакратарыяту і яго абавязкаў разглядаецца ў якасці фундаменту планаванай рэформы Рымскай курыі, заявіў ён.

Будучыня папскіх рад і магчымыя структурныя змены ў іх ужо разглядаліся на папярэднім пасяджэнні Рады кардыналаў, якая праходзіла ў Ватыкане ў канцы красавіка. Падчас папярэдніх спатканняў заснаванага 13 красавіка 2013 г. дапаможнага органу абмяркоўваліся правілы працы і паўнамоцтвы Сінода Біскупаў і дзейнасць існуючых дзевяці кангрэгацый. Падчас трэцяй нарады ў лютым 2014 г. кардыналы займаліся фінансавымі пытаннямі Ватыкана і Святога Пасаду. Праз некалькі дзён пасля яе папа Францішак вырашыў стварыць Сакратарыят па эканамічных пытаннях пад кіраўніцтвам аўстралійскага кардынала Джорджа Пэла. Таксама паўстала Рада па эканамічных пытаннях, дзейнасць якой каардынуе кардынал Рэйнхард Маркс, старшыня нямецкага епіскапату.







All the contents on this site are copyrighted ©.