2014-06-30 11:46:39

Пантыфік даў вялікае інтэрв’ю рымскай газеце


RealAudioMP3 Папа Францішак, паводле яго ўласных слоў, практычна не ведаў Рым да свайго абрання на Пасад св. Пятра. “Тым не менш, я цяпер пачынаю сябе адчуваць рымлянінам”, - сказаў ён у інтэрв’ю італьянскай газеце “Il Messaggero”. Галоўнай тэмай размовы быў Вечны горад. Пантыфік прызнаўся, што ведае яго дрэнна. У Сікстынскай капэле быў першы раз з нагоды канклава ў 2005 г.; ніколі не быў у Ватыканскіх музеях. Выключэннем з’яўляецца базыліка Санта Марыя Маджорэ, якую заўсёды наведваў, калі бываў у сталіцы Італіі. Але дзякуючы шматлікім візітам і кантактам ён пазнае мегаполіс, і паступова пазнае яго праблемы. Фрэнцішак прысвяціў шмат месца сацыяльным праблемам італьянскай сталіцы. Ён асудзіў адмову ад нараджэння дзяцей. У нейкай ступені гэта звязана з эканамічным крызісам. Тым не менш, існуе культурны заняпад, эгаізм і геданізм. Святы Айцец пракаментаваў статыстыку, заявіўшы, што пасля прадуктаў першай неабходнасці ў сучасным свеце больш за ўсё грошай выдаткоўваецца на касметыку і хатніх жывёл. На яго думку, Еўропа ўжо стамілася быць маці і паступова становіцца бабуляй. У сувязі з гэтым ён заклікаў да палітыкі падтрымкі сям’і.

Пантыфік рэзка асудзіў эксплуатацыю дзяцей. Ён прызнаўся, што ў Буэнас-Айрэсе сустрэўся са з’явай прастытуцыі непаўналетніх. Перад 12-гадовымі дзяўчынкамі затрымліваліся дарагія аўтамабілі. За рулём сядзелі старыя, якія маглі б быць для іх дзядулямі. Для мяне яны педафілы, сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў таксама аб “чуме” карупцыі. У наш пераходны час яна завалодала асабліва шырокімі коламі. Нават кіраўнікі дзяржаў сядзяць у турме за гэта. Гэта звязана з паўсюдным маральным заняпадам, які ўплывае не толькі на палітыку, але і на свет фінансаў і грамадскага жыцця. Папа папярэдзіў, што не ўсе з’яўляюцца карупцыянерамі і адначасова прызнаў, што ў цяперашніх умовах цяжка не паддацца карупцыі. Гэта з’ява носіць эндэмічны характар​​. Трэба паважаць і цаніць палітыку, бо яна з’яўляецца адным з самых высокіх праяваў любові, лічыць Святы Айцец.

Як і ў некалькіх папярэдніх інтэрв’ю, таксама і на гэты раз было зададзена пытанне аб камунізме і абвінавачваннях у бок Францішка у сімпатыях да яго. Папа падкрэсліў, што камуністы ўзурпавалі ў хрысціян тэму беднасці. На самой справе, клопат пра бедных ляжыць у плоскасці Евангелля.

З моманту свайго абрання ў сакавіку 2013 г. Францішак у прынцыпе рэалізуе тое, што кардыналы казалі падчас агульных кангрэгацый, якія папярэднічалі канклаву. З абраннем яго праграма жыцця, вядома, змянілася, але Папа імкнецца захоўваць асноўныя прынцыпы стылю, які быў характэрны для яго ў Буэнас-Айрэсе. “Было б смешна, калі б я хацеў цалкам змяніць сябе ў маім узросце”, - сказаў ён.


Францішак таксама выказаўся на карысць паглыблення пытання ўдзелу жанчын ў жыцці Касцёла. Сёння ў нас занадта мала кажуць пра ролю жанчын, сказаў ён у інтэрв’ю рымскай газеце і заклікаў да больш інтэнсіўнай працы над “тэалогіяй жанчыны”. Без паглыблення гэтага пытання не можна зразумець самаго Касцёла, лічыць Святы Айец.







All the contents on this site are copyrighted ©.