2014-06-30 13:41:56

Ахвяраванні на “Грош св. Пятра” значна ўзраслі з прыходам Францішка


RealAudioMP3 Сума ахвяраванняў, якія збіраюцца ва ўсім Касцёле 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, і прызначаюцца Пантыфікам для канкрэтных спраў міласэрнасці з прыходам папы Францішка значна ўзрасла. У 2013 г. яна склала 78 млн. амерыканскіх долараў, што на 12 млн. больш у параўнанні з годам папярэднім. Гэтыя ахвяраванні вядомыя ў Касцёле пад назвай “Грош св. Пятра”. Інфармацыю агучыў арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут Святога Пасаду, у інтэрв’ю італьянскай каталіцкай газеце “Avvenire”. Ён звязвае гэта з так званым “эфектам папы Францішка”, які пастаянна заклікае да салідарнасці з беднымі.

“Грош св. Пятра” быў уведзены ў паўсюдную практыку Касцёла у 1871 г. энцыклікай папы Пія IX “Saepe Venerabilis”. Гэта добраахвотнае ахвяраванне атрымала шырокае распаўсюджанне ў XX ст. Яно збіраецца ва ўсім свеце штогод да ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла.

У сваёй прамове 25 лютага 2006 г. папярэднік Францішка, Бэнэдыкт XVI падкрэсліў важнасць гэтай ініцыятывы як формы ўдзелу католікаў у дзейнасці Біскупа Рыма.







All the contents on this site are copyrighted ©.