“Ці баімся мы? Чаго
мы баімся? І калі баімся, куды хаваемся ў нашым душпастырскім жыцці ў пошуках бяспекі?
Можа шукаем падтрымкі тых, хто мае ўладу ў гэтым свеце? Ці паддаёмся памылцы гонарыстасці,
імкнучыся да ўзнагарод і прызнання, і нам здаецца, што там мы ў бяспецы? У чым мы
шукаем нашай бяспекі?”, - такія пытанні паставіў 29 чэрвеня 2014 г., ва ўрачыстасць
святых Пятра і Паўла, папа Францішак перад арцыбіскупамі мітрапалітамі. Пантыфік блаславіў
паліі і наклаў іх на плечы кожнага з іх, пераказаўшы знак спакою. Сярод 24 прызначаных
за апошнія 12 месяцаў арцыбіскупаў былі іерархі з Індыі, Італіі, Польшчы, Бразіліі,
Францыі, ЗША, Аўстрыі, Уругваю, Англіі і Філіпін. Палій з’яўляецца знакам гонару і
літургічнай юрысдыкцыі. На самым пачатку Эўхарыстыі, якая прайшла ў ватыканскай базыліцы,
Папа прывітаў дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату, якая традыцыйна прыбыла
ў Ватыкан.
У сваёй гаміліі Францішак заўважыў, што “Пан вызваляе нас ад усялякага
страху і ад усіх кайданоў, каб мы маглі быць па-сапраўднаму свабоднымі”. Ён падкрэсліў,
што сведчанне апостала Пятра нагадвае, што нашым сапраўдным сховішчам з’яўляецца вера
ў Бога. “Яна адхіляе любыя асцярогі і прымушае нас вызваліцца ад усялякай няволі і
ўсіх спакус свету”, - сказаў Папа і дадаў, што “вернасць Бога большая за нашы здрады
і мацнейшая за нашу нявернасць”.
Спасылаючыся на словы Езуса да Пятра: “Ідзі
за мною!”, Францішак адзначыў, што досвед першага з апосталаў з’яўляецца важным паведамленнем
для арцыбіскупаў. “Сёння Пан паўтарае мне, вам і ўсім пастырам: “Ідзі за мною”. Не
марнуй час на пустыя пытанні і размовы, не спыняйся на другасных справах, але паглядзі
на тое, што важна і ідзі за Мною. (...) Ідзі за мною кажучы пра Мяне тым, сярод якіх
жывеш дзень за днём, у працы, дыялогу і сяброўстве. Ідзі за мной абвяшчаючы Евангелле
ўсім, асабліва апошнім, каб усім хапіла Слова Жыцця, якое вызваляе ад ўсялякага страху
і дае ўпэўненасць у вернасці Бога”, - сказаў Папа.
Малітва вернікаў прагучала
ў тым ліку на рускай, партугальскай і французскай мовах. Падчас знаку спакою да Святога
Айца падышла дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхату. Пасля св. Імшы Пантыфік наблізіўся
да хору Маскоўскага Патрыярхату, які прыехаў з Масквы спецыяльна на сённяшнія ўрачыстасці,
і падзякаваў дырыжору і спевакам за супольнае з Сікстынскай капэлай музычнае аздабленне
літургіі. Затым з дэлегацыяй Канстантынопальскага Патрыярхата Святы Айцец маліўся
на працягу некалькіх хвілін на магіле св. Пятра.