2014-06-29 12:21:41

Святы Айцец заклікаў да дыялогу ў Іраку


RealAudioMP3 “Балючай” назваў сітуацыю ў Іраку Святы Айцец 29 чэрвеня 2014 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Ён выказаў сваю салідарнасць з іракскім народам і паведаміў, што “далучаецца” да біскупаў краіны ў іх звароце да ўладаў аб захаванні адзінства “на аснове дыялогу”. Толькі такім чынам можна “пазбегнуць вайны”, падкрэсліў папа Францішак. “Я выказваю сваю блізкасць да тысяч сем’яў, асабліва хрысціянскіх, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы і апынуцца ў сур’ёзнай небяспецы. Насілле спараджае насілле. Дыялог з’яўляецца адзіным шляхам да міру”, - сказаў Пантыфік. Трэба адзначыць, што ў апошнія дні сітуацыя ў Іраку рэзка пагоршылася. Антыўрадавыя групоўкі занялі ключавыя гарады на поўначы і захадзе краіны і накіраваліся да Багдаду. Яны ўчынілі сапраўдную бойню ў краіне і забілі шматлікіх супрацоўнікаў сіл бяспекі і рэлігійных прадстаўнікоў краіны, ўжылі насілле супраць рэлігійных і нацыянальных супольнасцяў. У цяперашні час у Іраку прыблізна 1 млн. чалавек маюць патрэбу ў дапамозе.







All the contents on this site are copyrighted ©.