2014-06-28 12:11:46

Папская элемазінарыя атрымала магчымасць больш дапамагаць бедным


RealAudioMP3 З інаўгурацыяй папы Францішка штомесячны даход Апостальскай элемазінарыі павялічыўся на 50% за кошт выдання пергаментаў з апостальскім благаслаўленнем Святога Айца. Акрамя таго, за гэты перыяд, у параўнанні з папярэднімі, надышло значна больш ахвяраванняў, паведаміў папскі элемазінарый, арцыбіскуп Конрад Краеўскі. Ён не агучыў дакладныя лічбы. У папярэднія гады сярэдні даход ад пергаментаў складаў каля 250 тыс. еўра. “Увага людзей да бедных і патрабуючых падчас гэтага пантыфікату стала нашмат большай. Падставай сталі заклікі Папы да міласэрнасці”, - сказаў іерарх. Францішак прызначыў яго на цяперашнюю пасаду ў жніўні 2013 г.

У 2013 г. элемазінарыя выдала на дапамогу бедным у агульнай складанасці 2 млн. еўра. Гэта ўдвая больш, чым у папярэднім годзе. Пасля свайго абрання Пантыфік асабіста папрасіў павялічыць памер дапамогі.

У Апостальскай элемазінарыі каля 30 асоб працуе над аналізам пісьмовых запытаў аб дапамозе. Яны павінны мець пячатку парафіі для забеспячэння сапраўднасці. Калі прымаецца станоўчае рашэнне, з Ватыкану да пробашча прыходзіць чэк. Затым святар пераказвае грошы асобе, для якой яны прызначаны. Сродкі для бедных паступаюць у асноўным з ахвяраванняў. Пергаменты з папскім бласлаўленнем звычайна выдаюцца з нагоды хросту, шлюбу або іншых урачыстых момантаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.