2014-06-28 13:02:39

Папа да праваслаўных іерархаў: сыходзячы з розных пунктаў гледжання, прыйсці да збліжэння


RealAudioMP3 Каб прыйсці да адзінства, трэба глядзець адно на аднаго вачыма веры, сказаў Святы Айцец 28 чэрвеня 2014 г. падчас сустрэчы з дэлегацыяй Канстантынопальскага Патрыярхату. Праваслаўныя іерархі прыбылі ў Рым для ўдзелу ва ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла. Дэлегацыю ўзначальвае Мітрапаліт Пергамскі Іаан, які з’яўляецца сустаршынёй Міжнароднай сумеснай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Папа нагадаў нядаўнія падзеі ў кантэксце ўзаемных адносін, асабліва сустрэчу з Патрыярхам Барталамеем І у Іерусаліме на святкаванні 50-годдзя гістарычнага спаткання паміж Паўлам VI і Афінагорам. Пантыфік узгадаў таксама сумесную малітву ў Ватыкане разам з прэзідэнтамі Ізраіля і Палестыны за мір на Святой Зямлі. Ён адзначыў, што гэтыя падзеі прадэманстравалі повязь любові ў Хрысце, якая злучае абедзве Цэрквы, і жаданне працягваць падарожжа да поўных зносін.

Папа падкрэсліў, што гэта адзінства ёсць Божым дарам. Мы можам карыстацца ім кожны раз, калі глядзім адзін на аднаго вачыма веры, у перспектыве Божай волі, а не гістарычных наступстваў нашых грахоў. “Калі мы навучымся, пад кіраўніцтвам Святога Духа, глядзець адзін на аднаго ў Богу, наша дарога будзе яшчэ хутчэйшай і прасцейшай”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец адзначыў, што гэты падыход сілкуецца верай, надзеяй і любоўю. Ён можа нарадзіць сапраўдны тэалагічны роздум, які па сутнасці з’яўляецца пазнаннем Бога, удзелам ў бачанні Богам сябе і нас. Такі роздум, паміма ​​сыходу з розных пунктаў гледжання, прывядзе да ўзаемнага збліжэння. У гэтым кантэксце Папа выказаў пажаданне, каб праца Міжнароднай сумеснай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой была выразам тэалогіі, якая “здзяйсняецца на каленях”. Тады гэта ўжо не будзе навуковая дыскусія, або спрэчка паміж пазіцыямі, якія не могуць быць узгоднены.

“Мы ўсе патрабуем смелай і ўпэўненай адкрытасці на Святога Духа, згоды, каб уключыцца ў бачанне Хрыстом Касцёла, Яго Нявесту, на шляху гэтага духоўнага экуменізму, умацаванага мучаніцтвам шматлікіх нашых братоў, якія, вызнаючы Пана Езуса Хрыста, рэалізавалі экумэнізм крыві”, - сказаў Папа.

Традыцыйна дэлегацыя Канстантынопальскага Патрыярхату прыбывае ў Рым на ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла.







All the contents on this site are copyrighted ©.