2014-06-28 10:49:01

Пантыфік: вернасць – гэта каштоўнасць, якая перажывае крызіс


RealAudioMP3 Папа Францішак не змог наведаць 27 чэрвеня 2014 г. рымскую клініку “Джэмэллі”. Візіт быў адменены ў апошнюю хвіліну з-за недамагання Пантыфіка. Яго замяніў арцыбіскуп Мілана кардынал Анджэла Скола, вялікі канцлер міланскага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца Езуса, да якога фармальна належыць шпіталь. Італьянскі іерарх перадаў клініцы рэліквіі святых Яна XXIII і Яна Паўла II. Падчас Эўхарыстыі кардынал прачытаў гамілію, падрыхтаваную Святым Айцом з нагоды візіту. Мова ў ёй ішла пра вернасць Бога, Які стварае повязі свабоды і застаецца заўсёды верны, нягледзячы на ​​нашы слабасці і няўдачы. “Асабліва сёння вернасць з’яўляецца каштоўнасцю, якая перажывае крызіс, таму што нас схіляюць да пошуку пераменаў, нібыта нечага новага, пры гэтым ставячы пад сумніў карані нашага існавання і нашай веры”, - напісаў Папа. Ён звярнуў увагу, што “без вернасці сваім караням грамадства не можа развівацца. Можа асягнуць вялікі тэхнічны прагрэс, але не ў стане прывесці да інтэгральнага прагрэсу ўсяго чалавека і ўсіх людзей”.

“Верная любоў Бога да свайго народа ў поўнай меры выявілася ў Езусе Хрысце, Які для таго, каб захаваць сувязь Бога са сваім народам, стаў нашым нявольнікам, пазбавіў сябе славы і прыняў вобраз слугі. У сваёй любові Ён не здаўся нават ва ўмовах нашай няўдзячнасці і адрачэння”, - нагадаў Святы Айцец.

Св. Імша адбывалася ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Менавіта яна, на думку Францішка, самым непасрэдным чынам дэманструе “пакору і лагоднасць Хрыста” і “міласэрнасць Айца”. На думку Папы, “мы можам адчуваць і каштаваць далікатнасць гэтай любові на любым этапе нашага жыцця: у радасці і ў горы, калі мы здаровыя і ў момант пакут і хвароб”. Святы Айцец нагадаў, што менавіта да гэтага пакліканы медыцынскі персанал клінікі “Джэмэллі”. “Тут кожны з вас прыносіць хвораму крыху любові Сэрца Езуса, і робіць гэта кампетэнтна і прафесійна”, - напісаў Пантыфік у сваёй гаміліі.







All the contents on this site are copyrighted ©.