2014-06-27 12:50:23

Святы Айцец: стаць малымі, каб адчуць пяшчоту Бога


RealAudioMP3 Каб перадаць чалавеку сваю пяшчотную любоў, Богу неабходна, каб ён стаў маленькім, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі 27 чэрвеня 2014 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. “Можна сказаць, што сёння свята любові Божай у Езусе Хрысце, любові Божай да нас, любові Божай у нас”, - сказаў Папа. Паводле слоў Святога Айца, у любові Стварыцеля да сваіх стварэнняў няма ні граму пасіўнасці: Ён не чакае – а дае, не кажа – а робіць. На думку Пантыфіка, існуюць дзве рысы любові. Першая заключаецца ў тым, каб больш даваць, чым браць. Другая: больш любові ў справах, чым у словах. Любоў заўсёды перадаецца і атрымліваецца ад тых, хто нас любіць, яна заўсёды ажыўляе і дазваляе расці, падкрэсліў Святы Айцец. Каб “зразумець любоў Божую”, чалавеку неабходна стаць маленькім, перакананы Папа. Майсей быў абраны Богам менавіта па прычыне таго, што быў “самым малым у народзе”, а ў Евангеллі, Езус дзякаваў Айцу, за тое, што схаваў Божыя справы ад вялікіх і адкрыў маленькім, нагадаў Францішак. “Не бойся, Я з табой, Я трымаю цябе за руку” – усе гэтыя словы Пана дапамагаюць зразумець таямніцу любові, якую Ён мае да нас. І калі Езус казаў пра сябе, то адзначаў, што з’яўляецца “ціхім і пакорным сэрцам”. Таксама і Ён, Сын Божы, становіцца маленькім, каб прыняць любоў Айца”, сказаў Папа.

Такім чынам, адзначыў Пантыфік, Бог хоча ад чалавека такіх адносін, якія існуюць паміж бацькам і дзіцяткам. Ён хоча атуліць чалавека сваёй пяшчотай і запэўніць яго ў сваёй пастаннай і блізкай прысутнасці. “Калі мы адчуваем сябе моцнымі, ніколі не зможам адчуць такіх цудоўных пяшчотаў Божых”, - сказаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.