2014-06-26 12:17:59

Апублікаваны працоўны дакумент Сінода Біскупаў на тэму сям’і


RealAudioMP3 Евангелле сям’і, складаныя сямейныя сітуацыі, навучанне жыццю і веры ў сямейным асяроддзі – гэтыя тры тэмы займаюць галоўнае месца ў працоўным дакуменце (Instrumentum laboris) ІІІ Надзвычайнай сесіі Генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў на тэму “Душпастырскія выклікі, звязаныя з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі”, якая пройдзе у Ватыкане ў кастрычніку 2014 г. Дакумент, які быў апублікаваны 26 чэрвеня 2014 г., складзены на падставе адказаў на папярэдне разасланыя па ўсіх дыяцэзіях свету анкеты, на тэму касцёльнага навучання аб сям’і і цяжкасцяў у гэтай сферы. Яго першая частка называецца “Перадаваць Евангелле ў сям’і сёння”. У ёй, між іншым, адзначаецца недастатковае знаёмства вернікаў са зместам дакументаў Касцёла на тэму сям’і, сужэнства, сексуальнасці і пракрэацыі, у тым ліку па прычыне слабой падрыхтаванасці святароў у гэтых пытаннях. Касцёльнае навучанне аб сям’і прымаецца вернікамі часткова. Напрыклад, існуе згода адносна неабходнасці абароны чалавечага жыцця, але супраціў навучанню аб кантролі за нараджальнасцю, разводах і дашлюбных адносінах. Такім чынам, паводле аўтараў дакумента, існуе патрэба ў пошуку новых спосабаў перадачы гэтага навучання і падрыхтоўкі высокакваліфікаваных душпастыраў.

“Instrumentum laboris” звяртае ўвагу на складанасці ў разуменні “натуральнага закону” і яго блытанні са “спантаннасцю”. Адсюль нараджаюцца гендэрныя тэорыі, адмаўляецца ідэя пра “пастаянства” сужэнства, прымаецца палігамія ці ўвогуле адмова ад сужэнскага жыцця. Не будучы знаёмымі з “натуральным законам” многія пары практыкуюць разводы, кантрацэпцыю, супольна жывуць без шлюба і бачаць у дзецях перашкоду для асабістага дабрабыту.

У другой частцы дакумента, якая называецца “Душпастырства сем’яў перад абліччам новых выклікаў” звяртаецца ўвага на важнасць падрыхтоўкі да сужэнства, спрыяння народнай пабожнасці накіраванай на падтрымку сем’яў і іх місійнай духоўнасці, насуперак індывідуалістычнай закрытасці. Апавядаецца пра выклікі звязаныя з праблемамі ў сферы айцоўства, наступствамі разводаў, насіллем над жанчынамі і дзецьмі, наркаманіяй, алкагалізмам, залежнасцю ад сацыяльных сетак, войнамі і міграцыяй. “Instrumentum laboris” не замоўчвае існавання “анты-сведчання Касцёла” звязанага з сексуальнымі злачынствамі і неадпаведнымі паводзінамі душпастыраў.

У дакуменце гаворыцца таксама пра сітуацыю разведзеных асобаў і тых, якія ўзялі шлюб паўторна. Адзначаецца вялікая колькасць такіх выпадкаў. Многія людзі ў падобных сітуацыях не патрабуюць прабачэння і магчымасці прыняцця Эўхарыстыі, але шмат асобаў адчуваюць сябе маргіналізаванымі і пакаранымі, пытаюцца – чаму іншыя грахі прабачаюцца, а гэты не? У пэўных выпадках біскупскія канферэнцыі просяць аб новых магчымасцях праяўлення “міласэрнасці, памілавання і індульгенцыі” для заключыўшых новыя саюзы. У той жа час прысутнічае заклік захоўваць дакладнасць і ўвагу і не ўмацоўваць ідэю нібыта існавання “каталіцкіх разводаў”.

“Instrumentum laboris” падкрэслівае, што перад абліччам складаных сітуацый Касцёл не павінен станавіцца суддзёй, які асуджае, але маці, якая заўсёды прымае сваіх дзяцей, падкрэсліваючы, што “адсутнасць магчымасці прыняцця сакрамэнтаў не азначае выключэння з хрысціянскага жыцця і адносін з Богам”. Адзначаецца важнасць евангелізацыйнай працы з непрактыкуючымі вернікамі, якія просяць шлюба ў Касцёла і душпастырскага суправаджэння сужэнскіх пар.

У пытанні аб гомасексуальных саюзах, існуе адзінадушша адносна немагчымасці іх прызнання сужэнствамі, але ў той жа час прысутнічае заклік да павагі і неасуджэння асобаў з аднаполай арыентацыяй. Непрымальным застаецца ўсынаўленне дзяцей гомасексуальнымі парамі. Прычына – у пагрозе усебаковаму дабру дзіцяці, якое мае патрэбу ў маці і бацьку. Тым не менш, калі такія асобы папросяць хросту для дзіцяці, яно павінна быць прынята “з такім жа клопатам, пяштотай і турботай”, як і ўсе іншыя дзеці.

Апошняя частка працоўнага дакумента будучага Сінода тычыцца “адкрытасці на жыццё і адказнасці за выхаванне”. Тут адзначаецца слабое знаёмства сужэнскіх параў з навучаннем Касцёла аб кантролі за нараджальнасцю і як вынік негатыўнае стаўленне да яго. Існуе патрэба ў адказе на “карыкатурнае” прадстаўленне навучання Касцёла, якое прысутнічае ў СМІ. Важным называецца глыбокае знаёмства вернікаў з натуральнымі спосабамі рэгулявання нараджальнасці, праз павышэнне кваліфікацыі святароў у дадзеных пытаннях. Канчатковай мэтай гэтага з’яўляецца спрыянне ментальнасці адкрытай на жыццё.

Напрыканцы дакумента падкрэсліваецца, што сесія Сіноду Біскупаў на тэму сям’і, будзе “надзвычайнай”, што кажа пра асаблівую тэрміновасць і важнасць пытанняў, якія на ёй будуць абмяркоўвацца.








All the contents on this site are copyrighted ©.