2014-06-24 11:52:47

Іерарх: словы Папы пра экскамуніку для членаў мафіі – гэта заклік да іх навяртання


RealAudioMP3 Пра значэнне слоў аб экскамуніцы для членаў мафіі, аб якой казаў папа Францішак падчас падарожжа ў італьянскую Калабрыю 21 чэрвеня 2014 г., распавёў мясцовы арцыбіскуп Нунцыа Галанціна. Іерарх, нядаўна прызначаны сакратаром Канферэнцыі Біскупаў Італіі, суправаджаў Пантыфіка падчас яго візіту ў дыяцэзію Касана-ала-Ёніё – зямлю, пакутуючую ад дзейнасці злачынных груповак, беспрацоўя і беднасці. Арцыбіскуп Галанціна заўважыў, што візіт Папы праходзіў у вігілію ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая на яго думку, з’яўляецца сапраўдным святам пашаны і пакланення. “У нашых землях ёсць тыя, хто не аддае пашаны Богу, але пакланяецца грошам, хто дзеля ўласных інтарэсаў выкарыстоўвае насілле у адносінах да дзяцей, хто дзеля дасягнення сваіх мэтаў фізічна знішчае людзей, забівае. Ёсць тыя, хто паставіў з ног на галаву само паняцце пакланення. Мафіёзі, якія вядуць сябе такім чынам, ставяць сябе па-за адзінствам з Богам і таму з’яўляюцца экскамунікаванымі. Гэта факт. Папа ўжыў Слова Божае ў адносінах да рэальнасці. Ён зрабіў гэта не для таго, каб асудзіць, але каб заклікаць да навяртання тых, хто адлучаны ад адносін з Богам”, - сказаў італьянскі іерарх у інтэрв’ю газеце “La Repubblica”.

Арцыбіскуп Галанціна нагадаў, што моцныя словы супраць мафіі казаў таксама Ян Павел ІІ. Але, на яго думку, пасля яснай прамовы Францішка, сумніваў пра экскамуніку мафіёзі не павінна заставацца. “Не існуе сярэдняга шляху: або ты служыш Богу або пакланяешся грошам, з усімі наступствамі гэтага”, - сказаў ён.

Іерарх расказаў пра душпастырскія наступствы звязаныя са словамі Пантыфіка. Напрыклад, калі святар у парафіі ведае, што чалавек прыналежа да мафіі, як можа яму дазволіць быць хросным ці ўдзельнічаць у сакрамэнтах? “Зараз патрэбна большая свядомасць і праніклівасць”, - адзначыў ён.

Паводле арцыбіскупа Галанціна, нельга забываць пра тэалагічны змест закліку Пантыфіка: ён хацеў нагадаць, што тыя, хто жыве пэўным чынам знаходзяцца па-за адзінствам з Богам. І таму жадаў заклікаць да навяртання, вяртання да Бога. “Гэты аспект павінен быць вельмі ясным: хто выбраў зло, можа пакаяцца, папрасіць прабачэння і змяніць жыццё”, – сказаў іерарх.







All the contents on this site are copyrighted ©.