Ватыканскі іерарх заклікаў дапамагаць Папе падтрымліваць патрабуючых
Дапамагаць Папе падтрымліваць
іншых, - так арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут Апостальскай Сталіцы, ахарактарызаваў
мэту збору ахвяраванняў, які штогадова праводзіцца ва ўсіх парафіях свету ва ўрачыстасць
святых апосталаў Пятра і Паўла 29 чэрвеня. У інтэрв’ю агенцтву “SIR” высокі ватыканскі
іерарх распавёў, што традыцыя збору ахвяраванняў на карысць Намесніка св. Пятра мае
свае карані яшчэ ў часах ранняга Касцёла. “Гэта акт любові да Папы і Касцёла. Канешне,
існуе шмат дабрачынных ініцыятываў, і мы павінны радавацца гэтаму. Але збор ахвяраванняў
на карысць Намесніка св. Пятра вылучаецца тым, што з’яўляецца выразам клопату пра
Папу і Касцёл ва усім свеце”, - падкрэсліў арцыбіскуп Бэчу.
Паводле іерарха,
гэта традыцыя мае два фундаментальныя элементы: па-першае, яна падкрэслівае паўсюднасць
Касцёла, бо ахвяраванні збіраюцца паўсюль – ад вялікіх архікатэдраў да маленькіх
перыферыйных парафій, а па-другое – адзінства, таму што нягледзячы на колькасць сабраных
грошай, важным з’яўляецца шчыры ўдзел у ініцыятыве.
Арцыбіскуп Бэчу нагадаў
пра асаблівы клопат папы Францішка пра бедных, на патрэбы якіх вылучаецца значная
частка ахвяраванняў, паступаючых у Ватыкан. Субстытут Апостальскай Сталіцы пажадаў,
каб збор ахвяраванняў ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, стаў магчымасцю
выказаць сваю блізкасць папе Францішку з боку ўсіх вернікаў і каб ахвяраванне грошай
было злучана з малітвай за яго. “Гэта будзе выразам той любові аб якой Святы Айцец
не стамляецца прасіць усіх каго сустракае: ніхто не з’яўляецца настолькі бедным, каб
не мець магчымасці падарыць яе”, - сказаў арцыбіскуп Бэчу.