2014-06-23 14:28:12

Сакратары еўрапейскіх епіскапатаў размаўлялі аб міры на Старым Кантыненце


RealAudioMP3 Касцёл і Еўропа, патрабуючая прымірэння і супакою, - над гэтай тэмай разважалі ўдзельнікі 42-й сустрэчы генеральных сакратароў епіскапатаў Еўропы. Форум прайшоў у французскім Страсбургу 19-22 чэрвеня 2014 г. У ім удзельнічалі прадстаўнікі 25-ці еўрапейскіх Біскупскіх Канферэнцый, якія мелі магчымасць пазнаёміцца з працай Савета Еўропы, Еўрапейскага суда па правах чалавека, Венецыянскай камісіі і кіраўнікамі гэтых стурктур. Падчас дускусій выказвалася заклапочанасць адносна духоўнага, палітычнага і сацыяльнага дабра жыхароў кантынента і міру на ім. Асаблівая ўвага звярталася на складаныя сітуацыі ва Украіне і Босніі і Герцагавіне. Бакі пагадзіліся, што гэтыя краіны патрабуюць падтрымкі і мужных рашэнняў для пераадолення сваіх “рэальных і драматычных праблем”.

Прадстаўнікі Касцёла высока адзначылі ініцыятывы Савета Еўропы па ўмацаванні рэлігійнай свабоды і міжкультурнага дыялогу. Падкрэслівалася не толькі важнасць самой рэлігіі, але і яе публічнага вымярэння. Удзельнікі форума прыйшлі да высновы, што тэма міра для Еўропы з’яўляецца як ніколі актуальнай і тэрміновай. Яна павінна развівацца не толькі для пераадолення крыўдаў за падзелы і канфлікты мінулага, але таксама для супрацоўніцтва паміж народамі і краінамі.

Уздымаліся таксама актуальныя пытанні звязаныя з неталерантнасцю і дыскрымінацыямі на рэлігійнай глебе, важнасцю абароны свабоды сумлення ўрачоў і іншых медыцынскіх работнікаў у сітуацыях звязаных з біяэтыкай і чалавечым жыццём, неабходнасцю клопату пра сям’ю і сужэнства заснаванае на саюзе мужчыны і жанчыны, адсутнасцю юрыдычнага статуса ў Каталіцкага Касцёла ў Турцыі, праблемамі мігрантаў і бежанцаў.

Закончыўся форум 22 чэрвеня 2014 г. урачыстай Эўхарыстыяй у інтэнцыі Еўропы, якая адбылася ў архікатэдральным касцёле Страсбурга. У літургіі прынялі ўдзел шматлікія еўрадэпутаты, паслы і супрацоўнікі Савета Еўропы.








All the contents on this site are copyrighted ©.