2014-06-21 15:39:26

У Святой Зямлі з’явіцца чарговае сведчанне аб Касцёле ў Беларусі


RealAudioMP3 21 чэрвеня 2014 г. позна ўвечары самалёт з беларускімі пілігрымамі на борце прызямліцца ў аэрапорце Тель-Авіва. Пачынаецца Агульнанацыянальная пілігрымка на Святую Зямлю. Усяго туды адправяцца (а другая група вылятае ў панядзелак) больш за 300 чалавек з Беларусі – гэта вернікі з усіх дыяцэзій. Галоўная мэта падарожжа – прысутнасць на ўнікальнай урачыстасці, асвячэнні табліцы з мазаічнай выявай адной з самых вялікіх святынь Каталіцкага Касцёла ў Беларусі – Будслаўскага абраза Маці Божай. Адбудзецца гэта ў Назарэце ў санктуарыі Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Сёння на сцяне базылікі – цэлая галерэя нацыянальных абразоў з дзесяткаў краін. Як вядома, праект беларускай мазаікі распрацоўвалі ў Беларусі, а саму табліцу – памерам 2 метра на 70 сантыметраў – рабіў мясцовы майстар, паведаміў адказны за арганізацыю Агульнанацыянальнай пілігрымкі на Святую Зямлю кс. Раман Факсінскі.

“Сімвалічна, што ён хрысціянін, які разам з сям’ёй вымушаны быў бегчы з ахопленай вайной Сірыі, дзе як вядома пакутуюць хрысцяне. Вельмі важна, што мы едзем падтрымаць хрысціянскую супольнасць Палестыны і Ізраілю, бо пражыванне, пераезд – усё гэта прадастаўляюць пілігрымам мясцовыя хрысціяне – католікі або праваслаўныя”, - сказаў святар у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Да асвячэння табліцы пілігрымы пабываюць у гістарычных месцах, звязаных з нараджэннем, жыццём і смерцю Езуса Хрыста – Бэтлееме, Назарэце, Іерусаліме. На жаль, акрамя евангельскай рэчаіснасці вернікі дакрануцца і да адной з галоўных праблем сучаснасці – падзелу народаў і ваеннага канфлікту. Напрыклад, горад, дзе нарадзіўся Збаўца, знаходзіцца ўжо ў палестынскай аўтаноміі, якую ад Ізраіля аддзяляе вялікая мураваная сцяна. Тэрыторыя, з якой пачалося хрысціянства, сёння, па сутнасці, хрысціянскай перастае быць, адзначыў кс. Раман Факсінскі. Беларускія пілігрымы таксама будуць маліцца за мір, як зрабіў гэта папа Францішак падчас нядаўняга падарожжа ў Святую зямлю.

“У 2000 годзе, калі пачалі будаваць сцяну паміж Ізраілем і Палестынай, там было 80% хрысціян і 20% мусульман. А сёння, праз 14 гадоў, хрысціян засталася толькі 20%. Вельмі радасна, што мы едзем, як быццам, па слядах папы Францішка, які ў маі наведаў Святую Зямлю. Ён таксама дакрануўся да гэтай сцяны і зрабіў такі жэст, як каля Сцяны Плача. Пантыфік маліўся, каб людзі жылі ў міры, каб не было вайны”, - адзначыў арганізатар.

Падрыхтоўка да асвячэння табліцы была доўгай – яна пачалася яшчэ ў 2013 г. і была прысвечана да 400-годдзя прыбыцця ў Будслаў абраза Маці Божай. Асвячэнне мазаікі ў Назарэце стане годным завяршэннем святкавання гэтага юбілея. А сама пілігрымка, лічаць арганізатары, павінна спрыяць умацаванню веры беларусаў.

“Гэта вельмі важна – акунуцца ў атмасферу, глыбей падумаць, расплюшчыць вочы і паглядзець на Евангелле. Як кажуць, любая пілігрымка – гэта пятае Евангелле. Асабліва, калі ты разважаеш над Евангеллем у той прыродзе, культуры і разам з тымі слядамі, якія засталіся з таго часу”, - падкрэсліў кс. Раман Факсінскі.

Св. Імша ў базыліцы Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Назарэце, на якую збяруцца ўсе беларускія пілігрымы, адбудзецца 27 чэрвеня. Пасля чаго мазаіку з выявай Будслаўскага абраза ўрачыста асвецяць. Так, ужо ў другім горадзе біблійнай гісторыі з’явіцца сведчанне аб Каталіцкім Касцёле ў Беларусі.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.