Святы Айцец: трымаць сэрца свабодным ад грошай, любові да хвалы і ўлады
Езус нас просіць трымаць
сэрцы свабоднымі ад грошай, любові да хвалы і ўлады, сцвердзіў папа Францішак падчас
ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 20 чэрвеня 2014 г. “Не збірайце сабе скарбаў
на зямлі” – гэтыя словы Хрыста былі ў цэнтры ўвагі Пантыфіка. Паводле Папы, яны гучаць
як перасцярога, таму што “зямныя скарбы” – ненадзейныя: яны псуюцца і іх крадуць злодзеі.
Францішак лічыць, што адным з першых такіх скарбаў з’яўляюцца грошы. “Багацці – добрыя.
Яны служаць для многіх цудоўных справаў, каб клапаціцца пра сям’ю: гэта праўда! Але
калі ты збіраеш іх, як скарб – крадуць у цябе душу. Езус у Евангеллі, звяртаецца да
гэтага аргументу – да небяспекі багаццяў, да пакладання надзеі ў багацці”, - сказаў
Папа. Іншымі “зямнымі скарбамі”, паводле Святога Айца, з’яўляюцца славалюбства і любоў
да ўлады. “Гэта пасланне Езуса: “Калі твой скарб у багаццях, у любові да хвалы, ўлады,
у пысе – тваё сэрца будзе прыкавана да іх. Тваё сэрца стане рабом багаццяў, славы,
пыхі. А Езус жадае, каб нашы сэрцы былі свабоднымі! (...) Мець свабоднае сэрца можна
толькі праз “нябесныя скарбы”: любоў, цярплівасць, служэнне іншым, пашану да Бога.
Гэта сапраўдныя багацці, якія нельга скрасці. Іншыя – абцяжарваюць сэрца. Прыкоўваюць
яго і не даюць свабоды!”, - сказаў Папа.
Рабскае сэрца, паводле Святога Айца
– цёмнае. У ім збіраецца непатрэбная цемра. Зямныя скарбы, не прыносяць сэрцу сапраўднай
радасці і свабоды. У сваю чаргу, свабоднае сэрца – светлае, яно асвятляе іншых і дазваляе
бачыць шлях, які вядзе да Бога.