2014-06-17 12:59:23

Святы Айцец заклікаў маліцца за навяртанне карупцыянераў


RealAudioMP3 “Карупцыянер выклікае гнеў Бога і абражае народ Божы”, - падкрэсліў папа Францішак 17 чэрвеня 2014 г. падчас ранішняй св. Імшы. Ён звярнуўся да гісторыі біблійнага Набота, які стаў ахвярай караля Ахаба і заявіў, што для карупцыянераў ёсць толькі адно выйсце “прасіць прабачэння”, у адваротным выпадку прыйдзецца сутыкнуцца з Божым гневам. Калі хтосьці ўваходзіць на “шлях карупцыі” – адбірае жыццё ў іншай асобы, узурпуе яго і прадае. Чалавек становіцца для яго таварам. Папа паўтарыў сваю думку з учарашняй гаміліі, што за карупцыю багатых заўсёды расплочваюцца бедныя. Бог ясна кажа, што ён зробіць з карупцыянерам у сваіх словах да Ахаба: “Я спашлю на цябе няшчасце і выпалю за табою, і вынішчу ў доме Ахаба кожнага хлопца, і зняволенага, і вольнага ў Ізраэлі”. Пантыфік з жалем адзначыў, што карупцыянер не толькі крадзе, але і выкарыстоўвае нявінных, тых, хто не можа абараніць сябе. І робіць гэта ў “белых пальчатках”, на адлегласці, не брудзячы ўласных рук.

Але выйсце для карумпаванага чалавека ёсць, падкрэсліў Папа і працытаваў фрагмент з Першай кнігі Валадарстваў: “Калі Ахаб пачуў усе гэтыя словы, разарваў шаты свае і надзеў на сваё цела мяшок, і пасціў, і спаў у мяшку, і хадзіў у смутку”. Ён пакаяўся. Гэта, дадаў Пантыфік, паратунак для карупцыянераў, для карумпаваных палітыкаў, бізнесменаў і духавенства – прасіць прабачэння.

Францішак заклікаў вернікаў прасіць прабачэння за карумпаваных хрысціян, маліцца за іх, каб Бог даў ім ласку пакаяцца, каб яны не памерлі “з карумпаваным сэрцам”. “Асудзіць карупцыянераў – так”, - сказаў Папа, але і маліцца за іх навяртанне.







All the contents on this site are copyrighted ©.