2014-06-17 11:29:58

Апостальская Сталіца занепакоена дзейнасцю транснацыянальных карпарацый


RealAudioMP3 Святы Пасад сур’ёзна занепакоены глабалізацыяй эканомікі ў яе цяперашнім выглядзе. Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ва ўстановах ААН у Жэневе звярнуў увагу на праблемы, якія ўзнікаюць з існавання транснацыянальных карпарацый. Іх дзейнасць вельмі складаная і неаднастайная. Таму іх цяжка кантраляваць. Выкарыстоўваючы транснацыянальную структуру яны часта ўхіляюцца ад нацыянальнага заканадаўства. Акрамя таго, дзякуючы велізарнаму капіталу, яны з’яўляюцца не толькі адным з гульцоў на рынку, але і могуць аказваць эфектыўны ўплыў на фарміраванне заканадаўства, рынку і грамадства, з улікам уласных інтарэсаў. Каб глабалізацыя магла быць карыснай для чалавецтва, карпарацыі павінны прыняць стандарты ў галіне правоў чалавека і прызнаць сваю адказнасць за будаўніцтва агульнага дабра, заявіў арцыбіскуп Сільвана Тамазі.

Ватыканскі дыпламат прызнаў, што няма лёгкіх рашэнняў гэтых праблем. Ён запэўніў, што Святы Пасад задаволены аднагалосным прыняццем “Кіруючых прынцыпаў прадпрымальніцкай дзейнасці ў аспекце правоў чалавека” ААН-аўскім Саветам па правах чалавека. Гэта выразны палітычны сігнал, але сам дакумент не мае абавязковай сілы. Таму неабходныя іншыя прававыя інструменты, падкрэсліў арцыбіскуп Тамазі.







All the contents on this site are copyrighted ©.