2014-06-16 12:24:45

Святы Айцец пра карумпаванасць палітыкаў, бізнесменаў і святароў


RealAudioMP3 За карумпаванасць палітыкаў, бізнесменаў і святароў расплачваюцца бедныя, якія застаюцца без таго, чаго патрабуюць і на што маюць права, адзначыў папа Францішак падчас ранішніяй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 16 чэрвеня 2014 г. У гаміліі Святы Айцец засяродзіўся на біблійным апавяданні пра вінаградара Набота, які не пажадаў прадаваць частку сваёй зямлі каралю Ахабу і за гэта быў забіты. Пасля чаго Ахаб забраў яе “спакойна, нібыта нічога не адбылося”. Гэта гісторыя, паводле Папы, пастаянна паўтараецца ў выглядзе карупцыі сярод тых, хто трымае у сваіх руках “матэрыяльную, палітычную ці духоўную ўладу”.

Францішак адзначыў, што карумпаваныя палітыкі, бізнесмены і святары ёсць паўсюль. Але за іх грэх прыходзіцца расплачвацца бедным. “Калі размаўляем пра карумпаваных палітыкаў ці эканамістаў, хто расплочваецца за гэта? Бальніцы без медыкаментаў, хворыя, якія не атрымліваюць клопату, дзеці, якія застаюцца без адукацыі. А хто плаціць за сапсутасць святара? Плацяць дзеці, якія не ведаюць, як робіцца знак крыжа, не маюць магчымасці пазнаёміцца з катэхізісам, пра якіх не клапоцяцца. Расплочваюцца хворыя, якіх не наведваюць, зняволеныя, якія застаюцца без духоўнай падтрымкі. Плацяць бедныя! За карупцыю расплочваюцца бедныя – матэрыяльна і духоўна”, - сказаў Папа.

Адзіным шляхам для перамогі над карупцыяй, на думку Пантыфіка, з’яўляецца служэнне і ачышчэнне сэрца. “Карупцыя нараджаецца дзякуючы пысе, высокамернасці”, - падкрэсліў ён і заклікаў да служэння, крыніцай якога з’яўляецца пакора. На заканчэнне гаміліі Францішак заклікаў маліцца за шматлікіх “мучанікаў”, якія пацярпелі ад сапсутасці іншых.








All the contents on this site are copyrighted ©.