2014-06-16 15:13:53

Прэс-сакратары еўрапейскіх епіскапатаў размаўлялі пра феномен папы Францішка


RealAudioMP3 Сінод Біскупаў на тэму сям’і і стыль камунікацыі папы Францішка былі ў цэнтры ўвагі сёлетняй сустрэчы прэс-сакратароў біскупскіх канферэнцый з усёй Еўропы, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, апублікаваным 16 чэрвеня 2014 г. Разам з кардыналам Ларэнца Балдзісэры, генеральным сакратаром Сінода Біскупаў, і кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўніком Залы Друку Святога Пасаду, адказныя за сувязі са СМІ абмяркоўвалі агульную стратэгію камунікацыі для маючай адбыцца ў кастрычніку буйной асамблеі. Сустрэча па запрашэнні генеральнага сакратара і прэс-сакратара партугальскага епіскапату айца Мануэля Барбаса праходзіла 11-14 чэрвеня 2014 г. у Лісабоне. На спатканні прысутнічала каля 50 супрацоўнікаў прэс-службаў. Арганізатарам форуму выступіла Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.

Удзельнікі прааналізавалі “камунікацыйную спантаннасць” папы Францішка. Ён прызнаецца людзьмі ў якасці надзейнага глабальнага камунікатара, у тым ліку і ў сацыяльных медыя. Прычым, Пантыфік не мае ніякай вызначанай камунікацыйнай стратэгіі – ёсць простыя словы і жэсты, якія скарачаюць любую адлегласць да народа, праз якія кожны лічыць Папу блізкай для сябе асобай. “Апавядальны стыль” Францішка, які знаходзіцца ў сугуччы з яго паводзінамі і сапраўднасцю жыцця як Наступніка св. Пятра варта разглядаць у якасці магчымасці для ўсяго Касцёла і тэмы для агульнакасцёльнай дыскусіі, адзначылі ўдзельнікі сустрэчы прэс-сакратароў еўрапейскіх епіскапатаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.