2014-06-16 13:27:54

Пантыфік падтрымлівае сацыяльна-адказныя інвестыцыі


RealAudioMP3 Важна, каб этыка заняла сваё месца ў фінансавай сферы, а рынкі сталі на службу інтарэсам народаў і супольнаму дабру чалавецтва, нагадаў папа Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў канферэнцыі “Інвеставаць у беднасць”, якая 16-17 чэрвеня 2014 г. праходзіць у Ватыкане пра ініцыятыве Папскай рады “Iustitia et pax”. Галоўнай тэмай форума з’яўляецца “імпакт-інвеставанне” – клас новых эканамічных тэхналогій, у аснове якіх ляжыць прынцып “спалучанай каштоўнасці”, які ўраўнаважвае прадпрымальніцкую дзейнасць і сацыяльныя складаючыя інвеставання. Паводле Папы, гаворка ідзе пра адну з праяў салідарнасці з беднымі і маргіналізаванымі.

“Імпакт-інвестар прадстае ў якасці інвестара, усведамляючага існаванне цяжкай сітуацыі няроўнасці, глыбокага сацыяльнага дысбалансу і цягаснага стану беднасці, у які трапляюць цэлыя народы. Ён звяртаецца да фінансавых інстытутаў, якія выкарыстоўваюць рэсурсы для спрыяння эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю бедных народаў, з інвестыцыйнымі фондамі, прызначанымі задаволіць іх базавыя патрэбы, звязаныя з сельскай гаспадаркай, доступам да вады, магчымасцю атрымання годнага жыцця па даступных коштах і першасных паслуг у сферы аховы здароўя і адукацыі”, - патлумачыў Папа.

Такія інвестыцыі, паводле Францішка, робяць пазітыўны ўнёсак на карысць бедных народаў, а “фінансавая аддача для інвестараў з’яўляецца больш змястоўнай у параўнанні з іншымі відамі інвестыцый”. Святы Айцец лічыць, што нельга спакойна рэагаваць на дамінацыю фінансавых рынкаў над цэлымі народамі. Ён назваў “вялікім скандалам” спекуляцыю на коштах прадуктаў харчавання, якая прыводзіць да цяжкіх наступстваў для самых бедных і заклікаў кіраўніцтва краін да спрыяння этычным інвестыцыям высокага сацыяльнага значэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.