2014-06-16 10:43:32

Пантыфік: адносіны да старых і дзяцей – тэст якасці грамадства і нацыі


RealAudioMP3 Нядзельны вечар 15 чэрвеня 2014 г. папа Францішак правёў сярод беднякоў у рымскім раёне Трастэвэрэ. Сустрэчу арганізавала Супольнасць св. Эгідзія, якая падтрымлівае людзей, якія жывуць на перыферыі грамадства. На плошчы перад базылікай Маці Божай яго чакалі 15 тыс. эмігрантаў, бяздомных, цыган, пажылых людзей, інвалідаў, моладых людзей і дзяцей. 15 хвілін Францішак ішоў праз плошчу вітаючы і благаславячы іх. Ён затрымаўся каля дэлегацыі яўрэйскай супольнасці, якая запрасіла яго наведаць сінагогу Рыма. Затым Папа ўвайшоў у базыліку Маці Божай, дзе адбылася яго сустрэча з кіраўніцтвам і членамі Супольнасці св. Эгідзія. У сваёй прамове Папа адзначыў, што ўсё пачынаецца з малітвы. Яна дазваляе выходзіць насустрач патрабуючым, бароніць ад спакусы засяродзіцца выключна на сабе і быцця абыякавым да іншых. Пантыфік неаднаразова паўтарыў меркаванне, што адносіны да пажылых людзей і дзяцей з’яўляюцца тэстам “якасці грамадства” і нацыі.

Францішак адзначыў, што сучасная сусветная эканоміка засяроджана на грошах, а не чалавеку. Гэта прыводзіць да адмовы ад дзяцей і пажылых людзей, праз аборты і эўтаназію. Іх нібыта выкідваюць з грамадства як непатрэбных, як нічога не вырабляючых. А сёння крызіс настолькі вялікі, што выключаецца таксама і моладзь. На думку Папы, “Еўропа стамілася” і “не ведае, што рабіць”. Трэба дапамагчы ёй знайсці свае карані і абнавіцца.

Францішак падкрэсліў, што сацыяльныя змены павінны пачынацца з бедных, якія з’яўляюцца “краевугольным каменем” грамадства. Між тым, сёння “спекулятыўная эканоміка” робіць іх яшчэ бяднейшымі і пазбаўляе найважнейшага – дому і працы. Ім патрэбна “салідарнасць” – слова, якое сёння многія хацелі б сцерці са слоўніка. Але хрысціяне не могуць дазволіць зрабіць гэта.

Сустрэча закончылася кароткім набажэнствам, падчас якога прагучала малітва за вызваленне выкрадзеных святароў у Сірыі, за мір у Святой Зямлі, Іраку, ва Украіне, за бяспеку хрысціян у Нігерыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.