2014-06-15 13:33:20

Папа перад “Анёл Панскі”: любіць іншых для самой радасці любові (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Хрысціяне пакліканы да сведчання, што “Бог ёсць Любоў”, што Яму не абыякавы лёс чалавека, што Ён знаходзіцца побач. На гэтага звярнуў увагу 15 чэрвеня 2014 г. папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Яна традыцыйна прайшла на плошчы св. Пятра. “Сёння мы адзначаем урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, што дае нам магчымасць да разважання і адарацыі з любоўю Боскага жыцця Айца, Сына і Духа Святога – жыцця глыбокай камуніі і дасканалай любові, якая з’яўляецца крыніцай і мэтай Сусвету і ўсяго тварэння. - нагадаў Папа - У Найсвяцейшай Тройцы мы бачым узор Касцёла. Мы ў ім пакліканы любіць адзін аднаго, як Езус палюбіў нас. Гэта любоў з’яўляецца канкрэтнай прыкметай веры ў Бога Айца, Сына і Духа Святога. Гэта любоў адрознівае хрысціяніна, як Езус сказаў нам: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13, 35). Гэта супярэчнасць – хрысціяне, якія ненавідзяць адзін аднаго. Гэта супярэчнасць! Да гэтага заўсёды імкнецца д’ябал, каб прымусіць нас ненавідзець, таму што ён заўсёды сее куколь нянавісці. Ён не ведае любові – любові Божай!

Мы ўсе пакліканы сведчыць і абвяшчаць пасланне, што “Бог ёсць любоў”, што Бог не далёкі або абыякавы да нашых чалавечых спраў. Ён блізкі да нас, заўсёды побач з намі, ідзе разам з намі, каб падзяляць нашы радасці і нягоды, нашы надзеі і цяжкасці. Ён любіць нас так моцна, што стаў чалавекам, прыйшоў у свет не для таго, каб судзіць, але каб свет быў збаўлены праз Езуса (пар. Ян 3,16-17). І гэта ёсць Божая любоў у Езусе. Гэта любоў, якую так цяжка зразумець, але якую мы адчуваем, калі становімся бліжэй да Езуса. Ён даруе нам заўсёды, Ён заўсёды чакае нас, Ён ​​любіць нас моцна! І любоў Езуса, якую мы адчуваем, гэта любоў Божая!

Святы Дух, дар Уваскрослага Езуса, дае нам Божае жыццё, і такім чынам дазваляе нам увайсці ў дынамізм Найсвяцейшай Тройцы, які з’яўляецца дынамізмам любові, камуніі, узаемнага служэння, абмену. Чалавек, які любіць іншых для самой радасці любові, з’яўляецца адлюстраваннем Найсвяцейшай Тройцы. Сям’я, у якой ёсць узаемная любоў і узаемадапамога з’яўляецца адлюстраваннем Найсвяцейшай Тройцы. Парафія, дзе існуе ўзаемная любоў і абмен духоўнымі і матэрыяльнымі дарамі з’яўляецца адлюстраваннем Найсвяцейшай Тройцы.

Сапраўдная любоў не мае межаў, але можа абмяжоўваць сябе, каб выйсці насустрач іншаму, каб з павагай паставіцца да свабоды іншага. Кожную нядзелю мы ідзём на св. Імшу, цэлебруем разам Эўхарыстыю, якая як “палаючы куст”, у якім пакорна жыве і дорыць сябе Найсвяцейшая Тройца. Вось чаму Касцёл змясціў свята Божага Цела пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. У наступны чацвер, у адпаведнасці з рымскай традыцыяй, мы адправім св. Імшу ў базыліцы св. Яна на Латэране, а затым пройдзем у працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Запрашаю рымлян і пілігрымаў прыняць у ёй удзел, каб выказаць наша жаданне быць народам, “сабраным у адзінстве Айца і Сына, і Духа Святога” (св. Кіпрыян).

Няхай Дзева Марыя, дасканалае тварэнне Найсвяцейшай Тройцы, дапаможа нам скласці з усяго нашага жыцця, у маленькіх жэстах і самых важных выбарах, гімн хвалы Богу-Любові”, - сказаў Пантыфік падчас сваіх разважанняў перад “Анёл Панскі”.

Пасля марыйнай малітвы папа Францішак падзякаваў хатнім работніцам і няням, “якія прыязджаюць з розных куткоў свету і аказваюць каштоўную паслугу для сем’яў”, асабліва ў апецы над пажылымі людзьмі і інвалідамі. “Як часта мы не цэнім вялікай і цудоўнай працы, якую яны выконваюць у сем’ях. Дзякуй, Вам!”, - сказаў Пантыфік.







All the contents on this site are copyrighted ©.