2014-06-15 11:44:17

Кіраўнік англіканаў прыбыў на сустрэчу са Святым Айцом


RealAudioMP3 Кіраўнік Англіканскай Царквы, архіепіскап Джасцін Уэлбі пачаў свой трохдзённы візіт у Рым і Ватыкан. 16 чэрвеня 2014 г. раніцай ён сустрэнецца з папам Францішкам. Візіт звязаны з сумеснай ініцыятывай па барацьбе з сучасным рабствам і гандлем людзьмі. Пантыфік і англіканскі іерарх ужо сустракаліся ў Ватыкане 14 чэрвеня 2013 г., архіепіскап маліўся тады ля магілы св. Пятра, і таксама, на асабістую просьбу, пры магіле ў той час яшчэ благаслаўлёнага Яна Паўла II.

Ініцыятыва “Глабальная сетка свабоды” (Global Freedom Network), дзеля якой іерарх прыбыў у Рым, уяўляе сабой платформу для міжрэлігійнага супрацоўніцтва. Пагадненне, падпісанае ў Ватыкане 17 сакавіка 2014 г. прадстаўнікамі розных рэлігій і фонду “Walk Free”, заклікана дапамагчы ў барацьбе з сучаснымі формамі рабства і гандлю людзьмі, якія існуюць у свеце. Прадстаўнікі рэлігій, якія падпісалі дакумент, паставілі перад сабой мэту ліквідацыі гэтых з’яў на планеце да 2020 г.

У нядзелю 15 чэрвеня 2014 г. архіепіскап Уэлбі ўзначаліць набажэнства ў англіканскай царкве Усіх Святых, затым англіканскія Нешпары ў каталіцкім касцёле св. Грыгорыя, а ўвечары будзе маліцца з Супольнасцю св. Эгідзія ў рымскім касцёле св. Барталамея.







All the contents on this site are copyrighted ©.