2014-06-14 14:29:04

Святы Айцец пра барацьбу з беднасцю: шмат слоў – мала спраў


RealAudioMP3 Шмат слоў, але мала спраў – так папа Францішак ахарактарызаваў сітуацыю вакол вырашэння праблемы беднасці ў свеце. “Мы валодаем вялікай колькасцю інфармацыі і статыстычных дадзеных аб беднасці і чалавечых няшчасцях. Але існуе рызыка пераўтварыцца ў інфармаваных назіральнікаў, не ўключаных у гэту рэчаіснасць”, - адзначыў Святы Айцец 14 чэрвеня 2014 г. падчас сустрэчы з прадстаўнікамі італьянскага харытатыўнага аб’яднання “Misericordie” і арганізацыі донараў “Fratres”. На аўдыенцыю з Пантыфікам на плошчы св. Пятра сабраліся каля 30 тыс. валанцёраў з усёй Італіі. Францішак высока ацаніў іх працу на карысць патрабуючых і заклікаў да пазбягання пустых размоў пра праблемы беднасці. “Мы чулі шмат слоў, але трэба дзейнічаць. Неабходна ваша дзейнасць, хрысціянскае сведчанне. Неабходна ісці да пакутуючых, набліжацца да іх, як гэта рабіў Езус. Будзем наследаваць Езуса. Ён ішоў па вуліцах, не плануючы сваёй сустрэчы з беднымі, хворымі, інвалідамі, якія былі на шляху. Але калі сустракаў першага з іх – спыняўся, прысутнічаў дапамагаючы, быў знакам блізкасці Бога, Які з’яўляецца Дабрынёй, Провідам і Любоўю”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што вернікі, па прыкладзе Езуса, пакліканы падзяляць праблемы людзей, якіх сустракаюць. “Трэба, каб нашы словы, жэсты, паводзіны выказвалі салідарнасць, жаданне не заставацца абыякавымі да болю іншых, з братэрскім цяплом і без сыходу да розных форм патэрналізму”, - заклікаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.