2014-06-13 14:28:21

Папа ў інтэрв’ю іспанскай газеце: войны вядуцца для аздараўлення эканомік продажам зброі


RealAudioMP3 Мір на Блізкім Усходзе, Касцёл на службе бедным, ватыканская рэфома, адмаўленне Бэнэдыкта XVI ад пасады Біскупа Рыма, Пій XII і Халакост, а таксама праблемы сусветнай эканомікі – гэтыя тэмы ўздымаліся папам Францішкам ў вялікім інтэрв’ю іспанскай газеце “La Vanguardia”, якое было апублікавана 13 чэрвеня 2014 г. У ім Францішак прызнаўся, што жадае, каб яго памяталі “як добрага чалавека, які рабіў усё магчымае”. Адказваючы на пытанне пра любімую футбольную каманду на Мундыяле ён пажартаваў: “Бразільцы прасілі мяне захоўваць нейтральнасць, і я трымаю слова”. Святы Айцец назваў насілле ў імя Бога супярэчнасцю, якая не павінна быць характарыстыкай нашага часу і адзначыў, што рызыка фундаменталізма ўласціва ўсім рэлігіям. Крытыкуючы вар’яцтва антысемітызма Пантыфік падкрэсліў, што нельга быць хрысціянінам, адмаўляючы свае юдэйскія духоўныя карані. Ён нагадаў, пра дзейнасць Пія XII дзякуючы якому ў шматлікіх каталіцкіх кляштарах, будынках Ватыкана і нават у летняй рэзідэнцыі Папы здолелі схавацца ад смерці тысячы яўрэяў. “Я не хачу сказаць, што Пій XII не рабіў памылак – я сам іх раблю шмат – але яго роля павінна разглядацца ў кантэксце яго эпохі”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Францішка беднасць знаходзіцца ў цэнтры Евангелля ў тэалагічным сэнсе, а не сацыялагічным. “Нельга зразумець Евангелле без беднасці, якая аднак павінна адрознівацца ад пабіральніцтва”, перакананы ён.

Святы Айцец прызнаўся, што занепакоены вялікім ўзроўнем беспрацоўя ў Еўропе і тым, што пажылыя і моладзь пераўтвараюцца ў “адходы”. На думку Пантыфіка, сёння краіны вядуць войны, каб падтрымліваць свае слабыя эканамічныя сістэмы, а так як трэццяя сусветная вайна – немагчымая – праводзяцца рэгіянальныя. Зброя вырабляецца і прадаецца, для “аздараўлення” фінансавых балансаў ідалапаклонніцкіх эканомік, лічыць Папа.

Гаворачы пра рэформу Рымскай курыі, Пантыфік адзначыў, што не мае свайго асабістага праекту, але рэалізуе тое, пра што казалі кардыналы падчас кангрэгацый напярэдадні апошняга канклаву. На яго думку, адно з самых важных прынятых рашэнняў тычыцца стварэння Рады кардыналаў па дапамозе ў кіраванні Касцёлам. Дзякуючы яе існаванню будучыя Папы змогуць карыстацца дапамогай групы дарадчыкаў, якія не жывуць у Ватыкане, - сказаў Папа. Сапраўднай рэвалюцыяй, для яго з’яўляецца “вяртанне да каранёў”.

Святы Айцец расказаў, што пакліканне пробашча яму адпавядае найбольшым чынам. Ён адзначыў, што яму цяжка прытрымлівацца пратакола на афіцыйных мерапрыемствах, але прызнае яго важнасць для таго, каб годна адносіцца да высокіх гасцей, якіх сустракае. Пантыфік падкрэсліў, што не жадае “гуляць у Папу-пробашча”, але не хоча таксама, каб існавалі бар’еры для яго камунікацыі з людзьмі. “Я не магу вітаць людзей і казаць, што люблю іх знутры кансервавай банкі”, - сказаў ён маючы на ўвазе папа-мабіль закрыты браніраваным шклом.








All the contents on this site are copyrighted ©.