2014-06-12 12:20:39

Папа перад Мундыялем: не быць індывідуалістамі ні на полі, ні ў жыцці


RealAudioMP3 Індывідуаліст у футболе стварае пагрозу для поспеху ўсёй каманды, а індывідуаліст у жыцці, які ігнаруе іншых, кідае цень на ўсё грамадства. На гэта звярнуў увагу папа Францішак у сваім відэапасланні да адкрыцця Чэмпіянату свету па футболе, які 12 чэрвеня 2014 г. пачнецца ў Бразіліі. Святы Айцец перакананы, што турнір можа стаць сапраўдным святам салідарнасці паміж народамі. Футбольныя матчы, апроч спартыўнай карысці, могуць быць нагодай для дыялогу, паразумення і ўзаемнага чалавечага ўзбагачэння, лічыць Пантыфік. “Спорт, гэта не толькі адна з форм забавы”, але, перш за ўсё, прылада для перадачы каштоўнасцяў, якія прыносяць карысць чалавеку, і дапамагаюць будаваць грамадства больш мірнае і братэрскае. Паводле Папы, павага да правілаў, настойлівасць, сяброўства, дзяленне, салідарнасць і іншыя спартыўныя каштоўнасці з’яўляюцца важнымі ва ўсіх аспектах чалавечага жыцця. Але ў першую чаргу, яны патрэбныя для пашырэння міру. “Спорт – гэта школа міру, ён нас вучыць будаваць мір”, - сказаў Францішак.

У жыцці, як і ў спорце, трэба змагацца, трэніравацца, прыкладаць намаганні, каб дасягнуць важных вынікаў. На думку Папы, футбол, са сваім прынцыпам “сумленнай гульні”, павінен стаць школай “культуры сустрэчы”. Каб перамагчы – трэба пераўзысці індывідуалізм, эгаізм, расізм, неталерантнасць, адмовіцца ад выкарыстання іншага чалавека. “У канцы гэтага Чэмпіянату толькі адна каманда зможа ўзняць кубак пераможцы, але калі мы навучымся таму, чаму нас вучыць спорт – станем пераможцамі ўсе”, - перакананы Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.