2014-06-12 13:58:06

Кардынал: католікі павінны браць удзел у будаванні дабра глабальнага грамадства


RealAudioMP3 Кардынал Рэйнхард Маркс адзначыў неабходнасць “еўрапейскага гуманізму ў ХХІ стагоддзі”. Да гэтага падштурхоўваюць глабальныя выклікі, такія як: міграцыя, знішчэнне навакольнага асяроддзя, беднасць і несправядлівае размеркаванне рэсурсаў. Каардынатар ватыканскай Рады па эканамічных пытаннях і старшыня нямецкага епіскапату прыняў удзел у дыскусіі на тэму гуманізму і глабалізацыі з арцыбіскупам Парыжа кардыналам Андрэ Вэн-Труа, і заснавальнікам супольнасці св. Эгідзія Андрэа Рыкардзі. Яна прайшла 10 чэрвеня 2014 г. вечарам у Парыжы, паведамілі 12 чэрвеня ў курыі Мюнхенска-Фрайзінгскай архідыяцэзіі, якой кіруе кардынал Маркс.

“Хрысціяне не павінны паддавацца спакусе выйсці з грамадскіх спраў”, - сказаў нямецкі іерарх. Наадварот, удзел у будаванні дабра глабальнага грамадства павінен быць неад’емнай часткай хрысціянскага жыцця. Каталіцкі Касцёл прапаноўвае праз сваю паўсюднасць вялікія магчымасці, дапамагаючы пераадольваць моўныя і культурныя межы, патлумачыў Маркс. Такім чынам, гэта павінна спрыяць абмену ідэямі на еўрапейскім і міжнародным узроўнях. Для пераадолення межаў трэба мацней выкарыстоўваць экуменічны і міжрэлігійны дыялог. Як прыклад, кардынал Маркс прывёў мірную ініцыятыву папы Францішка для Святой Зямлі.







All the contents on this site are copyrighted ©.