2014-06-11 11:27:15

Прадстаўнік Каталіцкага Касцёла звярнуў увагу на праблемы Еўрасаюза


RealAudioMP3 У дзясяты раз у штаб-кватэры Еўракамісіі ў Брусэлі 10 чэрвеня 2014 г. адбылася сустрэча прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій з лідэрамі ЕС. Такія рэгулярныя спатканні інстытуты ЕС абавязаны праводзіць у адпаведнасці з Лісабонскай дамовай. Яна вызначае, што Еўрапейскі саюз вядзе з Цэрквамі і рэлігійнымі супольнасцямі рэгулярны дыялог. Сярод тэм для абмеркавання былі ў тым ліку: будучыня еўрапейскай інтэграцыі ў святле нядаўніх выбараў у Еўрапарламент, роля грамадзянскай супольнасці і рэлігійных перакананняў у публічнай прасторы, а таксама роля і месца Еўропы на міжнароднай арэне.

Дэлегацыю Каталіцкага Касцёла на сустрэчы ўзначальваў кардынал Рэйнхард Маркс, старшыня Камісіі Епіскапатаў Еўрапейскай Супольнасці. Ён звярнуў увагу на сацыяльнае вымярэнне еўрапейскай будучыні і падкрэсліў узрастаючыя: еўра-скептыцызм, эканамічны крызіс і рэлігійную нецярпімасць. На думку нямецкага іерарха, ЕС можа аднавіць давер грамадскасці, калі будзе ў стане знайсці канкрэтныя рашэнні праблем: беспрацоўя, змены клімату, міграцыі, трансатлантычных перамоў па вольным гандлі.

На апошнім кардынал Маркс спыніўся асобна. Ён падкрэсліў, што, з аднаго боку, свабодны гандаль заўсёды прадугледжвае магчымасць большага росквіту, але з іншага, рынак мае патрэбу ў выразных правілах. Таму, на яго думку, два трансатлантычныя партнёры могуць развіваць у глабальнай эканоміцы ясныя нормы, якія грунтуюцца на этыцы. Пагадненне павінна разглядацца не толькі як магчымасць, але і адказнасць, служыць не адзінкам, але агульнаму дабру. Прадстаўнік Каталіцкага Касцёла падкрэсліў , што аб’яднаная Еўропа павінны стаць укладам у лепшы свет.

На сустрэчы з рэлігійнымі супольнасцямі прысутнічалі Прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, старшыня Еўрапейскай рады Херман ван Ромпей, а таксама віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага парламента Ласла Сур’ян.







All the contents on this site are copyrighted ©.