2014-06-10 11:42:09

У Ватыкане абмяркуюць, як лепш дапамагаць бедным у Лацінскай Амерыцы


RealAudioMP3 10 чэрвеня 2014 г. у Ватыкане пачалося штогадовае пасяджэнне кіраўнічай рады фонда “Populorum progressio”. Гэта дабрачынная структура ўваходзіць у склад Папскай рады “Cor Unum” і дзейнічае на карысць народаў краін Лацінскай Амерыкі. Падчас пасяджэння, якое будзе працягвацца да 14 чэрвеня 2014 г, супрацоўнікі фонда абмяркуюць праекты дапамогі індзейскім, метыскім і афраамерыканскім супольнасцям Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, якія пражываюць, перш за ўсё, у сялянскай мясцовасці. Сустрэча стане нагодай для абмеркавання шляхоў рэалізацыі служэння “Касцёла беднага і для бедных”, які выконвае сваю місію на экзістэнцыяльным узбоччы свету, працуючы на карысць самых патрабуючых, гаворыцца ў паведамоленні Папскай рады “Cor Unum”.

Фонд “Populorum progressio” быў заснаваны ў 1992 г. па ініцыятыве св. Яна Паўла ІІ. На сённяшні дзень ім было рэалізавана каля 4 тыс. праектаў на агульную суму каля 35 млн. долараў. Дапамога Апостальскай Сталіцы бедным супольнасцям краін Лацінскай Амерыкі тычылася развіцця сферы сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі, рамёстваў і малых прадпрыемстваў, інфрастуктуры і доступу да пітной вады, адукацыі, аховы здароўя і будаўніцтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.