2014-06-10 11:15:47

Папа сустрэнецца з рымскімі беднякамі


RealAudioMP3 У бліжэйшую нядзелю, 15 чэрвеня 2014 г., Святы Айцец сустрэнецца з беднякамі і людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі Вечнага горада. Яны збяруцца ў базыліцы Маці Божай на Трастэвэрэ. Пра гэта паведаміў 9 чэрвеня Андрэа Рыкардзі, заснавальнік супольнасці св. Эгідзія, якая апякуецца гэтымі асобамі. Ён адзначыў, што гэта будзе візіт сяброўства, малітвы і надзеі. Цалкам магчыма, што Папа таксама сустрэнецца з кіраўніцтвам супольнасці. Двойчы яе сядзібу наведаў св. Ян Павел II – у 1980 г. і 1993 г., а таксама Бэнэдыкт XVI – у 2009 г. Супольнасць св. Эгідзія існуе з мая 1968 г. У рымскім раёне Трастэвэрэ яна вядзе дабрачынную дзейнасць. Таксама яна шырока займаецца экуменізмам і міжрэлігійным дыялогам. Яе прадстаўнікі часта з’яўляюцца пасрэднікамі ў рэгіёнах, пацярпелых ад грамадзянскіх войнаў. У цяперашні час супольнасць налічвае 60 тыс. членаў у 70 краінах.







All the contents on this site are copyrighted ©.