2014-06-09 14:08:49

Пантыфік: людзі, якія пляткараць, з’яўляюцца ворагамі міру


RealAudioMP3 Евангельскія благаслаўленні з’яўляюцца практычнай праграмай жыцця, сказаў Папа 9 чэрвеня 2014 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. На наступны дзень пасля гістарычнай малітоўнай сустрэчы за мір у Святой Зямлі, ён падкрэсліў, што трэба мець мужнасць дабрыні, каб пераадольваць нянавісць. Менавіта Нагорнае казанне Хрыста, паводле Святога Айца, дае адказ на пытанне аб тым, як стаць добрым хрысціянінам. Прычым, евангельскія благаслаўленні, прамоўленыя ў ім, знаходзяцца ў супярэчнасці з дамінуючай тэндэнцыяй сучаснага свету. “Свет не хоча плакаць, ён абмінае балючыя сітуацыі, хавае іх за чымсьці іншым. Толькі чалавек, які бачыць рэчы такімі, якія яны ёсць, і плача ў сваім сэрцы шчаслівы і будзе суцешаны суцяшэннем Езуса, а не свету”, - сказаў Папа. Гэта адносіцца і да тых, хто змагаецца з сучаснымі праявамі несправядлівасці, даруе іншым, ставіцца са зразуменнем да чужых памылак.

Пантыфік востра раскрытыкаваў тых, хто распаўсюджвае плёткі, і адзначыў, што іх дзеянні супярэчаць Хрыстоваму благаслаўленню: “Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць”. “Свет плётак. Людзі, якія пляткараць, не ствараюць міру, з’яўляюцца ворагамі міру. Яны не шчаслівыя”, - сказаў Францішак.

Папа заклікаў часта звяртацца да фрагменту 5 раздзела Евангелля паводле Мацвея і прасіць Бога, каб дапамог зразумець Яго пасланне.







All the contents on this site are copyrighted ©.