2014-06-06 12:57:32

Францішак да карабінераў: ваша пакліканне – гэта служэнне


RealAudioMP3 Святы Айцец скіраваў віншаванні з нагоды 200-годдзя з моманту заснавання Корпуса карабінераў – аднаго з падраздзяленняў італьянскай жандармерыі. 6 чэрвеня 2014 г. на плошчы св. Пятра адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя з гэтай нагоды, якую ўзначаліў арцыбіскуп Санта Марчана, вайсковы ардынарый у Італіі. У літургіі прынялі ўдзел некалькі дзесяткаў тысяч карабінераў разам з членамі сваіх сем’яў і блізкімі. Пасля св. Імшы на ватыканскай плошчы з’яўвіўся Пантыфік, які звярнуўся да прысутных са зваротам. Ён нагадаў, што 200-гадовая гісторыя карабінераў блізка злучана з гісторыяй Італіі. “Паміж карабінерамі і народам існуе сувязь, заснаваная на салідарнасці, даверы і ўзаемнай адданасці супольнаму дабру”, - сказаў Папа. Падраздзяленні карабінераў прысутныя на тэрыторыі ўсёй краіны, нават у самых аддалёных і перыферыйных месцах, і гэта прысутнасць, паводле Папы, заклікае іх “быць блізка да праблем людзей, асабліва самых слабых і абцяжараных”. “Ваша пакліканне – гэта служэнне”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Гэта служэнне, паводле Францішка, заключаецца ў клопаце аб людзях і асяроддзі праз абарону правоў асобы і супольнасці. “Клопат аб грамадскім парадку і бяспецы людзей становіцца ўсё больш і больш актуальным у дынамічным грамадстве”, - падкрэсліў Папа. Ён адзначыў, што дзейнасць карабінераў патрабуе адкрытасці, цярплівасці, ахвярнасці і адказнасці. У якасці прыкладу Францішак нагадаў пра неапалітанскага карабінера, Слугу Божага Сальва Д’Аквіста, які ў 23-гадовым узросце дабраахвотна ахвяраваў сваім жыццём дзеля выратавання некалькіх дзесяткаў бязвінных людзей з рук нацыстаў. “Следуючы гэтай доўгай традыцыі, працягвайце ваша служэнне са спакоем і шчодрасцю, даючы сведчанне аб ідэалах, якія натхняюць вас і вашы сем’і, якія заўсёды побач з вамі”, - пажадаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.