2014-06-06 14:58:39

Святы Айцец заклікаў пастыраў не забывацца пра сваю першую любоў – Хрыста


RealAudioMP3 Душпастыры ніколі не могуць забыцца пра Хрыста, сваю першую любоў, і заўсёды павінны ісці за Ім, сказаў падчас ранішняй св. Імшы 6 чэрвеня 2014 г. папа Францішак. Ён адзначыў, што часта святар павінен задаваць сабе пытанне аб тым, ці любіць Хрыста, як у першы дзень свайго паклікання. Часам праца, праблемы могуць адцягнуць яго ўвагу ў другі бок, прывесці да таго, што забудзецца аб сваёй першай любові, звярнуў увагу Пантыфік. Ён падкрэсліў, што першай задачай святара з’яўляецца душпастырская дзейнасць. Яна мае прыярытэт над інтэлектуальнай працай, паколькі ёсць розніца паміж быццём пастырам і чалавекам, які працуе ў пазаўрадавай арганізацыі. Пастыр павінен аддаць сваё жыццё за авечак. У гэтым служэнні няма ні славы, ні велічы. І нават сваё жыццё святар часта заканчвае прыніжаным, прыкаваным да ложка, залежным ад іншых.

Францішак звярнуў увагу на моцныя словы, якія Пётр пачуў ад Хрыста: “Ідзі за Мной!”. “Калі б мы заблукалі і не ведалі, як адказаць на любоў, не ведалі, як адказаць на заклік быць пастырамі, не мелі ўпэўненасці, што Пан не пакіне нас нават у горшыя моманты жыцця, у хваробе, Ён кажа нам: “Ідзі за Мной!”. Гэта наша ўпэўненасць – на слядах Езуса, на Яго шляху”, - сказаў Папа.

“Няхай Пан дасць нам усім – святарам і біскупам – ласку заўсёды знаходзіць і заўсёды памятаць нашу першую любоў, каб мы былі пастырамі, не саромеліся правесці канец свайго жыцця прыніжанымі ці нават страціўшымі розум. Няхай Бог дае нам заўсёды ласку наследаваць Езуса, ісці па Яго слядах, ласку ісці за Ім”, - скончыў сваю гамілію ў капліцы Дому св. Марты Пантыфік.







All the contents on this site are copyrighted ©.